Пракуратура патрабуе заблякаваць доступ да парталу Hrodna.life за «дыскрэдытацыю» дзяржавы і сілавікоў

Надпіс на сьцяне ў рэдакцыі парталу Hrodna.life

Пракуратура Горадзенскай вобласьці вырашыла абмежаваць доступ да горадзенскага інтэрнэт-рэсурсу Hrodna.life, паведамляе Hrodna.life.

Пастанову за подпісам Эдуарда Бурака, які выконвае абавязкі абласнога пракурора, накіравалі 16 верасьня ў Міністэрства сувязі і інфарматызацыі і ў дзяржаўную інспэкцыю па электрасувязі.

Цяпер сайт hrodna.life адкрываецца свабодна.

Прычынамі блякаваньня сайта ўлады называюць:

  • «Асобныя артыкулы якія суправаджаюцца відэаматэрыяламі, якія нэгатыўна характfрызуюць Беларусь пасьля выбарчай кампаніі і дыскрэдытуюць дзейнасьць дзяржаўных праваахоўных органаў».
  • Прыцягненьне рэдактараў «Гродна Лайф Медыя» Аляксея Шоты і Ірыны Новік да адміністрацыйнай адказнасьці за распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў.

«Наш сайт — ня першы і не апошні рэсурс, заблякаваны ўладамі за год пасьля выбараў. Гэта было не пытаньнем парушэньняў ці іх адсутнасьці, а толькі пытаньнем часу. Спачатку разграмілі вялікія парталы. Цяпер чарга дайшла да лякальных мэдыя. Мы былі гатовыя да такога павароту падзей. Ужо прааналізаваны досьвед калегаў, прадуманы далейшыя дзеяньні. Таму не разьвітваемся з нашымі чытачамі. Будзем працаваць далей і інфармаваць пра самыя важныя падзеі ў Горадні», — пракамэнтавала рэдактарка спэцпраектаў Hrodna.life Ірына Новік.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Плянавалі лавіць інтэрнэт ля польскай мяжы». Вялікае інтэрвію з галоўным рэдактарам Hrodna.life

За апошні год рэдакцыя Hrodna.life зазнала арышты, ператрусы і сумарна атрымала больш як $10 тысяч штрафаў. Арганізацыю ААТ «Гродна Лайф Медыя», якой належыць горадзенскі незалежны інтэрнэт-партал HrodnaLife, належыць ліквідаваць да 30 лістапада. Такое рашэньне сёньня вынес эканамічны суд Горадзенскай вобласьці.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Страшна сьмярдзіць шкарпэткамі і бядой». Рэдактарка Hrodna.life пра тое, як турма мяняе чалавека нават за 2 дні

Ад сярэдзіны ліпеня па ўсёй Беларусі адбываецца масавая ліквідацыя недзяржаўных арганізацый.

Пад пагрозай існаваньне дзясяткаў асьветніцкіх, праваабарончых, дабрачынных, спажывецкіх, дасьледчых і іншых арганізацый. Іх прадстаўнікоў затрымліваюць, праводзяць у іх дома і ў офісах ператрусы, арыштоўваюць рахункі.