Сядзібу АГП разблякавалі пасьля ператрусу, частку партыйных дакумэнтаў не вярнулі

Мікалай Казлоў

Старшыня партыі кажа, што пастанова была на ператрус у іншай арганізацыі.

Старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Мікалай Казлоў паведаміў, што офіс арганізацыі ў Менску пасьля ператрусу стаў зноў даступным для працы, аднак працаваць там складана празь беспарадак, пакінуты ў выніку ператрусу, піша «Народная воля».

«Сэйфы зламаныя, усё валяецца, кампутары растрыбушылі, ноўтбук забралі. Мы яшчэ не прывялі ўсё да нармальнага стану. Тут яшчэ тыдзень давядзецца прыбірацца. У нас і архівы, і іншыя паперы, тэчкі — усё скінута на падлогу. Пэрсанальныя карткі сяброў партыі забралі, але навошта — не разумею. Думаю, проста на ўсялякі выпадак бралі тое, што траплялася на вочы», — сказаў Казлоў.

Таксама старшыня АГП сказаў, што ягонай партыі той ператрус ня тычыўся, пастанова была на ператрус у «Эўрапейскім дыялёгу» Анатоля Лябедзькі, які зарэгістраваны па тым жа адрасе. Аднак вынесьлі менавіта дакумэнтацыю АГП. Партыя падала скаргу ў Сьледчы камітэт.

Раней самога Мікалая Казлова асудзілі на 3 месяцы арышту за агучваньне дадзеных сьледзтва: падчас аднаго з допытаў у Сьледчым камітэце ён адмовіўся даць падпіску аб невыдаваньні. Палітык падаў скаргу на вырак у Менскі гарадзкі суд; пакуль яе не прынялі да разгляду. Пасьля таго, як скарга будзе разгледжаная, Казлова могуць арыштаваць і адправіць адбываць пакараньне.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Старшыню АГП арыштавалі на тры месяцы за выдаваньне зьвестак папярэдняга сьледзтва
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Двубой Канстытуцыяў. Спрэчка Карбалевіча і Лябедзькі