Матэвуш Маравецкі выступіў на прэс-канфэрэнцыі разам зь міністрам унутраных спраў Марыюшам Камінскім і камэндантам Памежнай варты Польшчы Тадэвушам Прагам пасьля нарады на тэму мігранцкага крызісу на мяжы зь Беларусьсю.
«Мы маем справу з сытуацыямі, якія азначаюць арганізаваную акцыю Лукашэнкі для дэстабілізацыі сытуацыі на мяжы, — сказаў Маравецкі. — У верасьні было больш за 4 тысячы спробаў незаконнага перасячэньня мяжы. Гэта масавая акцыя, добра адрэжысаваная ў Менску і Маскве».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Польскія памежнікі спынілі 276 спробаў перасячэньня мяжы з боку Беларусі«У нас ёсьць запісы зь бесьпілотнікаў, мы ўпэўненыя, што людзей з тэрыторыі Беларусі перавозяць на памежныя заставы беларускай памежнай службы. Там яны праходзяць інструктаж і перавозяцца да польскай мяжы», — адзначыў Маравецкі. І дадаў: «Гэта акцыя, якой кіруюць з Масквы. Відаць, што ёсьць шмат рашучасьці».
Кіраўнік МУС Польшчы Марыюш Камінскі нагадаў падчас прэс-канфэрэнцыі, што беларускія ўлады прынялі рашэньне аб бязьвізавым рэжыме з такімі краінамі, як Пакістан, Ярданія і Эгіпет. «Гэта вялізныя рэзэрвуары ўцекачоў, людзей, якія шукаюць лепшага жыцьця ў сьвеце. Гэта можа азначаць, што будуць прыцягнутыя (сюды. – РС) дзясяткі, сотні тысяч», – дадаў ён.
- 19 верасьня стала вядома пра трупы на польска-беларускай мяжы. Цела грамадзянкі Іраку знайшлі беларускія памежнікі, целы трох мужчын — польскія памежнікі. Праўдападобна, прычынай іх сьмерцяў стала пераахаладжэньне.
- Памежная варта Польшчы паведаміла таксама, што 19 верасьня выратавала з балота каля ракі Супрасьль васьмёх мігрантаў, якія спрабавалі парушыць дзяржаўную мяжу краіны з боку Беларусі. Сярод іх 5 мужчын і 3 жанчыны.
- У суботу, 18 верасьня, польскія памежнікі не пусьцілі ў краіну 324 мігрантаў з боку Беларусі — гэта рэкордная колькасьць ад пачатку году.