Памежная варта Польшчы выратавала з балота каля ракі Супрасьль васьмёх мігрантаў, якія спрабавалі парушыць дзяржаўную мяжу краіны з боку Беларусі. Сярод іх 5 мужчын і 3 жанчыны.
Адзначаецца, што людзі былі ўжо зьнясіленыя і самастойна не маглі выбрацца. Вядома, што польскім памежнікам спатрэбілася дапамога жаўнераў, пажарных, паліцыянтаў і верталёта мэдычнай авіяцыі.
Сямёх чалавек з уратаваных шпіталізавалі.
19 верасьня стала вядома аб мёртвых целах на польска-беларускай мяжы. Цела грамадзянкі Іраку знайшлі беларускія памежнікі, целы траіх мужчын — польскія памежнікі. Праўдападобна, прычынамі іх сьмерцяў стала пераахаладжэньне.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Каля беларуска-польскай мяжы знайшлі некалькі трупаўЗ боку Беларусі не спыняецца ціск на сумежныя краіны Эўразьвязу. Літва, Латвія і Польшча ўвялі рэжым надзвычайнага становішча ў рэгіёнах, што суседнічаюць зь Беларусьсю праз паток мігрантаў. Мінулыя суткі сталі рэкорднымі для Польшчы — у краіну яе памежнікі не пусьцілі 324 мігранты — найбольшую колькасьць ад пачатку году.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: За суткі Польшча не пусьціла на сваю тэрыторыю 324 мігранты з боку Беларусі — гэта рэкорд