Да маршу далучыліся і прадстаўнікі ды прадстаўніцы беларускай дыяспары. Сярод тысяч беларусаў і беларусак, якія зьязджаюць ва Ўкраіну з прычыны палітычнага перасьледу і ціску з боку ўладаў, ёсьць і людзі з супольнасьці ЛГБТК+. Многія зь іх удзельнічалі ў пратэставым руху ў 2020 годзе і былі вымушаныя пакінуць Беларусь і пераехаць ва Ўкраіну зь меркаваньняў бясьпекі.
Кіеўская паліцыя паведаміла, што Марш роўнасьці ў цэнтры гораду 19 верасьня прайшоў без парушэньняў.
Арганізатары шэсьця абвясьцілі сем тысяч удзельнікаў. Як паведамляе карэспандэнт Радыё Свабода, на іншай акцыі, у якой бралі ўдзел прадстаўнікі праварадыкальных і рэлігійных арганізацый, было каля 200 удзельнікаў.
Акцыі адбываліся асобна і прайшлі пры ўзмоцненай ахове.