Міністар здароўя Рабэрта Спэранца заявіў, што гэтае патрабаваньне скіраванае на актывізацыю кампаніі вакцынацыі і адначасова на стварэньне больш бясьпечных працоўных месцаў у Італіі, якая цалкам прышчапіла 75 працэнтаў насельніцтва ў веку ад 12 гадоў.
16 верасьня ўлады Італіі абавязалі ўсіх работнікаў прыватнага і дзяржаўнага сэктару мець COVID-сэртыфікаты. У адваротным выпадку ім пагражае неаплачванае адхіленьне ад працы.
Такім чынам, Італія становіцца першай краінай у Эўропе, якая ўвяла такое жорсткае патрабаваньне.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ці могуць беларусы вакцынавацца за мяжой?Правіла, якое ўступіць у сілу 15 кастрычніка, патрабуе ад работнікаў прадставіць доказы вакцынацыі супраць каранавірусу, адмоўнага тэсту або нядаўняга выздараўленьня ад інфэкцыі. Супрацоўнікі або працадаўцы, якія парушаюць правілы, будуць аштрафаваныя.
Падкрэсьліваючы эфэктыўнасьць вакцын, італьянскі фонд аховы здароўя Gimbe зазначыў у справаздачы, што амаль усе пацыенты з COVID-19 у бальніцах і ўсе выпадкі сьмерці ад вірусу — гэта невакцынаваныя людзі.
Італія належыць да групы эўрапейскіх краін, дзе ўжо патрабуюць так званы «зялёны» мэдычны сэртыфікат для тых, хто хоча атрымаць доступ да такіх месцаў, як музэі, спартовыя залі, рэстараны.