Жонка зьняволенага праваабаронцы зь «Вясны 96» Уладзя Лабковіча Ніна падзялілася ў сябе на старонцы ў фэйсбуку навінамі пра мужа:
«Цытуе ў лістах мне вершы Бродзкага па памяці, піша дзецям казку як падарунак на дзень нараджэньня, і кранальныя лісты маме і дачцэ, яго прынцэсе. Вельмі сумуе па сям’і».
Як адзначае Ніна, настрой ва Ўладзя розны — «ад капец як цяжка да дзень скончыўся і норма». Паводле яе, лісты родным пачалі прыходзіць «больш-менш рэгулярна месяц таму». Ад жонцы Ўладзю даходзіць толькі траціна лістоў, і мала ад сяброў, знаёмых і проста неабыякавых людзей.
Справа праваабарончага цэнтру «Вясна»
- Дзесяць праваабаронцаў з цэнтру «Вясна», пазбаўленага рэгістрацыі ў Беларусі, затрымалі 14 ліпеня 2021 году: Алеся Бяляцкага, Валянціна Стэфановіча, Сяргея Сыса, Віктара Сазонава, Алега Мацкевіча, Алену Лапцёнак, Ігара Казьмерчака, Андрэя Палуду, Яўгенію Бабаеву, а таксама Ўладзімера Лабковіча і ягоную жонку — дырэктарку аб’яднаньня інвэстараў Angels Band Ніну Лабковіч. Пазьней некаторых зь іх, у тым ліку Ніну Лабковіч, вызвалілі.
- «Вясноўцаў» затрымалі пасьля ператрусаў у іх у рамках крымінальнай справы паводле ч. 1 і 2 арт. 342 (арганізацыя і фінансаваньне групавых дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак) і ч. 2 арт. 243 Крымінальнага кодэксу (ухіленьне ад выплаты падаткаў).
- Цяпер за кратамі застаюцца кіраўнік «Вясны» Алесь Бяляцкі і юрысты Валянцін Стэфановіч і Ўладзімер Лабковіч.