«Мы расьпісалі нават усю працэдуру інаўгурацыі ад пачатку да канца», — расказаў Павал Латушка ў інтэрвію аўтару YouTube-канала «Жизнь-малина» Мікіту Мелказёраву. «Гэта засталося ў архівах», — адзначыў кіраўнік НАУ.
Паводле першага варыянту, інаўгурацыя мела прайсьці ў Вільні. На яе зьбіраліся запрасіць кіраўнікоў дзяржаў, міністраў замежных спраў, паслоў, праваслаўных і каталіцкіх сьвятароў. На цырымоніі разам з Канстытуцыяй быў бы і Статут ВКЛ.
«Там быў расьпісаны гэты пратакол, дзе гэта павінна было адбыцца, прамая трансьляцыя па ўсіх YouTube-каналах, па ўсіх даступных сродках масавай інфармацыі, пры вялікай колькасьці дыяспары», — апавёў Латушка.
«Вялікая колькасьць людзей у Вільні, прадстаўнікі дыяспар з розных краінаў сьвету давала нам такую магчымасьць», — лічыць ён.
Другім варыянтам было правядзеньне інаўгурацыі ў Менску.
«Мы думалі ў той момант пра Купалаўскі — што гэта, магчыма, адбудзецца ў Купалаўскім тэатры.
Каб сабраць людзей, вялікую хвалю, магутную сілу беларускіх людзей. Але трэба было б дабрацца да Менску… І тут зь лягістыкай былі праблемы.
Разглядаўся нават чартэрны самалёт. Але зразумела, што трэба было падаць сьпіс асобаў, і яго б не пасадзілі ў Менску, яго б пасадзілі ў Мачулішчах (вайсковая авіябаза каля Менску — РС). Разглядаўся і цягнік, разглядалася і падтрымка нашых аўтамабілістаў», — расказаў Латушка.
Пасьля інаўгурацыі меркавалася стварыць урад, парлямэнт і ў выніку — альтэрнатыўную дзяржаву.
27 верасьня 2020 году ў Беларусі прайшоў марш пратэсту пад назвай «Народная інаўгурацыя сапраўднага прэзыдэнта». У Менску ў ім прынялі ўдзел каля ста тысяч чалавек.
На 2 траўня 2021 году ў Сьвятланы Ціханоўскай і Франка Вячоркі былі квіткі на самалёт у Менск. Аднак яны гэтым рэйсам не паляцелі. Прычын і падрабязнасьцяў набыцьця квіткоў у штабе Ціханоўскай не патлумачылі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сьвятлана Ціханоўская — 4-я сярод прэтэндэнтаў на Нобэлеўскую прэмію міру паводле ацэнак букмэкераў ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Марыла ўсё жыцьцё». Год Сьвятланы Ціханоўскай