16 верасьня хакеры апублікавалі толькі частку «зьліву», а цяпер выклалі ў сеціва ў агульны доступ поўны аўдыёзапіс.
Для зручнасьці праслухоўваньня кібэрпартызаны зрабілі так званыя тайм-коды з асноўнымі тэмамі нарады.
- 01:14 — Сакрэтныя сьпісы КДБ па прэвэнтыўных арыштах;
- 03:45 — На выбарчых участках ужо 6 жніўня баяліся;
- 04:30 — Качанава і Шэйман былі ў курсе спраў;
- 07:00 — «... закрыйце ўсіх у турму» (Менская вобласьць);
- 09:40 — Загад не дапускаць сходаў каля ўчасткаў, каб не патрабавалі падлічваць галасы;
- 10:05 — Калі сабраліся 5 чалавек, гэта ўжо «масавыя беспарадкі»;
- 10:50 — Шэйман выдае машыны, зьбіраюць «дружыньнікаў» для падаўленьня;
- 11:20 — Устаноўка не дазволіць людзям патрабаваць ад сяброў камісій прызнаньняў у фальсыфікацыях;
- 16:15 — Мабілізаваць усіх. Вайскоўцаў таксама;
- 16:57 — Працуем з КДБ, плянуем затрымаць 19 чалавек (прэвэнтыўна).
Са словаў Юрыя Караева, «Менская вобласьць — першае кальцо абароны». Ён загадаў начальнікам міліцыі, у прыватнасьці ў Круглым, Клімавічах, не выпускаць з гораду нікога, хто мог бы далучыцца да пратэстоўцаў у сталіцы. Таксама з размовы вынікае, што Караеў ня ведае дакладнага адміністрацыйна-тэрытарыяльнага падзелу Беларусі, бо назваў лічбу ў 140 раёнаў, хоць насамрэч у Беларусі іх 118.
У выпадку «нядбайнасьці» начальнікаў раённых аддзелаў Караеў перасьцярог падначаленых, заявіўшы, што «разьбярэцца з кожным» зь іх. Акрамя таго, Караеў заявіў, што павінна весьціся праца з насельніцтвам і павінны «ўсе на ўсіх „стучаць“».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Паставім кулямёты на вышках». Зьявіўся «зьліў» з нарады сілавікоў перад выбараміАсобны загад у той дзень паступіў адносна сябраў выбарчых камісій. Тагачасны міністар патрабаваў, каб сілавікі даставілі іх дадому «без пашкоджаньняў псыхікі і цела».
Неўзабаве пасьля прэзыдэнцкіх выбараў Юры Караеў быў звольнены з пасады міністра ўнутраных спраў і атрымаў пасаду памочніка Лукашэнкі па Горадзенскай вобласьці. «Зьлівы» выступаў і перамоваў супрацоўнікаў сілавых структураў апошнім часам сталі рэгулярнымі. Зь іх вынікае, што МУС, КДБ і іншыя арганізацыі рыхтаваліся максымальна жорстка падаўляць незадаволеных фальсыфікацыяй выбараў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Баксэр, які абяцаў зьмяніць імідж міліцыі. Як разьвівалася кар’ера Юрыя КараеваХто такія «Кібэрпартызаны»?
«Кібэрпартызаны» — група хакераў, якая ўтварылася ў другой палове 2020 году. З таго часу ім удалося ўзламаць шэраг сайтаў, пашпартную сыстэму Беларусі, здабыць з розных крыніц інфармацыю з кадастру пра маёмасьць Лукашэнкі і яго атачэньня, пэрсанальныя зьвесткі супрацоўнікаў КДБ і МУС і шэраг іншага. Група прызналася, што для некаторых узломаў яе людзі пранікалі на «аб’екты рэжыму», каб адкрываць доступ да засакрэчаных базаў.
Улетку 2021 году «Кібэрпартызаны» паведамілі, што ўзламалі базу з запісамі тэлефонаў. Выявілася, што спэцслужбы слухалі тэлефоны афіцэраў і захоўвалі гэтую інфармацыю. Згодна са словамі хакераў, яны дасталі велізарны аб’ём інфармацыі, зь якой апрацаваны і апублікаваны толькі невялікі адсотак. Зь яе дапамогай, у прыватнасьці, яны спадзяюцца праліць больш сьвятла на гібель Генадзя Шутава ад рук сілавіка ў Берасьці.
У канцы ліпеня «Кібэрпартызаны» анансавалі шматузроўневую спэцапэрацыю «Жара». Яны ўзламалі шэраг базаў дадзеных МУС, атрымалі доступ да базаў «АІС пашпарт», службы 102 (экстраныя званкі ў міліцыю), упраўленьня ўласнай бясьпекі МУС, ДАІ і сэрвэра зь відэазапісамі дронаў МУС.
У папярэдніх апублікаваных зьлівах чуваць, што многія сілавікі давалі канкрэтныя загады біць і катаваць пратэстоўцаў, кідаць іх у экстрэмальныя ўмовы зьняволеньня і там працягваць зьдзекі.
Дзейнасьць хакераў вельмі занепакоіла Лукашэнку, і роўна праз год пасьля мітынгу на МЗКЦ, калі ў руках узломшчыкаў былі пэрсанальныя зьвесткі і інфармацыя пра маёмасьць чыноўнікаў, сілавікоў, праўладных журналістаў і самога Лукашэнкі, ён запатрабаваў узмацніць інфармацыйную бясьпеку і пры патрэбе нават вярнуцца да папяровых носьбітаў інфармацыі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Даводзілася фізычна пракрадацца на аб’екты рэжыму». Кібэрпартызаны расказалі пра сябе ў інтэрвію Свабодзе