У 82-ю гадавіну ўварваньня Савецкага Саюзу ў Заходнюю Беларусь, якая тады ўваходзіла ў склад Польшчы, у Беластоку ўспомнілі тыя падзеі, якія закранулі больш за 300 тысяч чалавек, у тым ліку, палякаў, беларусаў і украінцаў, калі савецкія ўлады адпраўлялі людзей у Сібір, паведамляе «Радыё Рацыя».
У музэі, прысьвечаным дэпартацыі, расказваюцца таксама гісторыі людзей, якія апынуліся ў сібірскай ссылцы.
Сярод тых, хто выступіў на ўрачыстасьці, была першая амбасадарка Польшчы ў Беларусі Эльжбета Смулкова. Яна расказала пра свайго бацьку Казімежа Барана са Львова, які загінуў ад рук НКВД і верагодна пахаваны ў Быкаўні пад Кіевам, пра гісторыю ссылкі ў Нарымскі край іх сям'і: маці і дзьвюх малых дочак. Сярод экспанатаў музэю можна сустрэць хустку пані Эльжбеты, якую яна дзіцем насіла падчас сібірскай ссылкі.
Стваральнікі музэю заклікаюць успамінаць дэпартацыю без узаемных абвінавачаньняў і просяць засяродзіцца на зламаных лёсах высланых людзей.
Галоўная ідэя стварэньня Музэю памяці Сібіру — асэнсаваньне таталітарызму і жыцьця ў вымушанай эміграцыі. У музэі, сярод іншых моў, ёсьць і аўдыёгід на беларускай мове.
Прэзыдэнт Анджэй Дуда ў час свайго выступу падкрэсьліў, што адкрыцьцё музэю важнае ня толькі для гораду Беластоку і ўсяго Падляшша, але і для ўсёй Польшчы. Горад быў выбраны ня проста так.
«Чаму гэты музэй быў заснаваны тут, у Беластоку? Падлічана, што кожны пяты жыхар гэтай зямлі належыць да такой важнай групы нашага грамадзтва, вядомай як „сібіракі“, да тых, хто быў гвалтоўна вывезены Саветамі на Ўсход. Усім, хто ваяваў, і асабліва тым, хто пацярпеў у Сібіры, выказваю глыбокую пашану. Гэта важнае месца для дакумэнтаваньня тых цяжкіх гадоў. Месца, якое паказвае трагедыі, пакуты, але й тое, як справіліся „сібіракі“, доказ таго, што палякі, як трава: празь іх могуць прайсьці вайна, пакуты, аднак кожны раз яны ўстаюць і працягваюць будаваць нашу Рэспубліку Польшча», — заявіў Дуда.
Урачыстасьці з нагоды адкрыцьця музэю будуць трываць тры дні — да 19 верасьня ўключна. Сярод імпрэзаў — паказ мундзіраў і зброі рэканструктарскімі групамі, сустрэча з нашчадкам заснавальнікаў сібірскай вёскі Беласток, частаваньне падляскімі стравамі, роварны рэйд. Будзе працаваць у гэтыя дні і сталая экспазыцыя музэю.
Адкрыцьцё адбылося 17 верасьня, менавіта ў гэты дзень 82 гады таму савецкія войскі ўварваліся на тэрыторыю тагачаснай Польшчы, якой належала і Заходняя Беларусь па Рыскай дамове 1921 году. У Беларусі гэты дзень упершыню сёлета адзначаецца як дзяржаўнае сьвята.
Што такое «Дзень народнага адзінства»
Паміж СССР і Нямеччынай у жніўні 1939 году была падпісаная дамова аб новых межах і сфэрах уплыву ва Ўсходняй Эўропе («пакт Молатава — Рыбэнтропа»). 17 верасьня 1939 году савецкая Чырвоная армія, скарыстаўшыся нападам нацысцкай Нямеччыны на Польшчу, без абвяшчэньня вайны ўварвалася на тэрыторыю Заходняй Беларусі і Заходняй Украіны. Гэтыя землі ў міжваенны пэрыяд знаходзіліся ў складзе Польшчы.
Дзяржаўным сьвятам у СССР гэты дзень не лічыўся: пра «ўзьяднаньне БССР і Заходняй Беларусі» згадвалі, але стрымана і сьціпла. Ні ўрачыстых сходаў, ні мітынгаў ці парадаў у гэтыя дні не праводзілася.
7 чэрвеня 2021 году Аляксандар Лукашэнка, які ўтрымлівае ўладу ў Рэспубліцы Беларусь, заснаваў сьвята «Дзень народнага адзінства».
Рашэньне адзначаць падзеі 17 верасьня 1939 году як дзяржаўнае сьвята выклікала рэзка нэгатыўную рэакцыю ў суседзяў — у МЗС Літвы заявілі, што афіцыйны Менск «ігнаруе злачынствы, учыненыя двума самымі жорсткімі таталітарнымі рэжымамі ХХ стагодзьдзя».
У польскім МЗС заснаваньне сьвята назвалі «часткай дзеяньняў Расеі, накіраваных на пераасэнсаваньне надзвычай складанай гісторыі нашага рэгіёну». У Варшаве не сумняваюцца, што Лукашэнка выконвае тым самым расейскую палітыку перагляду складанай гісторыі рэгіёну.
Інстытут нацыянальнай памяці Польшчы назваў гэтую дату «Днём адзінства двух таталітарызмаў».