«Ніколі не кажы „ніколі“, але я вельмі спадзяюся, (...) што цяпер той час, які мы прысьвячалі Астраўцу, мы зможам прысьвяціць іншым вельмі важным рэчам», — сказаў Крэйвіс журналістам у чацьвер.
«У нас ёсьць вялікі пазытыўны парадак дня працы з нашымі балтыйскімі калегамі, як у галіне аднаўляльных крыніцаў энэргіі, так і ў іншых галінах», — дадаў ён.
Міністар кажа, што пасьля таго, як Літва ў сераду зьнізіла максымальную прапускную здольнасьць перадачы электраэнэргіі празь літоўска-беларускія злучэньні, Літва рэалізавала «плян Б» у выніку аднабаковага ўвядзеньня новых правілаў. Аднак, паводле яго, дыскусіі з латышамі і эстонцамі аб трохбаковай дамове будуць працягнутыя.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Энэргаблёк БелАЭС спынілі восьмы раз за 9 месяцаў. Стала вядома, што там зламаласяКрэйвіс зазначыў, што цяпер апэратары кольца БРЭЛЛ (ЭК БРЭЛЛ — Электрычнае кольца Беларусі, Расеі, Эстоніі, Латвіі і Літвы. — РС) выконваюць парамэтры, вызначаныя Літвой.
«Мы бачым, што апэратары сетак трымаюцца зададзеных намі парамэтраў, таму што мы дзейнічаем у рамках пагадненьня БРЭЛЛ і гэты гандаль з Расеяй адбываецца ў рамках нашых парамэтраў. Гэта азначае, што электрычнасьць з Астраўца тэарэтычна ня можа трапіць, і цяпер яна недаступная з прычыны таго, што Беларуская АЭС не працуе», — растлумачыў міністар.
Паводле яго, БелАЭС не працуе два месяцы і можа не працаваць яшчэ некалькі.
«Гэта толькі яшчэ раз дэманструе якасьць гэтай электрастанцыі. Да гэтага яна ламалася, напэўна, чатыры ці пяць разоў», — адзначыў Крэйвіс.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Што будзе, калі адключыць Літву. Мінэнэрга пачало выпрабаваньніУ адказ на пытаньне, ці можа скарачэньне магутнасьці Літвой паўплываць на цэны на электраэнэргію, якія цяпер асабліва высокія на біржы, міністар сказаў, што цана ў Літве фармуецца швэдзкай цэнавай зонай SE4: «Ні расейская, ні беларуская электраэнэргія не фармуюць цэнаў».
Літоўскія ўлады перакананыя, што электраэнэргія зь Беларускай АЭС дагэтуль паступала ў Літву праз Латвію, што парушала так званы «антыастравецкі» закон. Латвія заяўляла, што гандлюе толькі расейскай электраэнэргіяй.