Я не чытаю ні на мове пушту, ні на мове дары, а таму абмяжуюся выключна кніжкамі пра Афганістан, напісанымі па-ангельску. Некаторыя зь іх сталі міжнароднымі бэстсэлерамі і былі перакладзеныя на дзясяткі іншых моваў. Пакуль што ніводная зь іх не перакладалася на беларускую.
Паветраныя зьмеі ў Кабуле
Ня ведаю, як зграбна перакласьці загаловак гэтага, бадай, найбольш вядомага раману пра Афганістан — «The Kite Runner». Літаральна: «Той, хто запускае (паветраных) зьмеяў». Расейскі пераклад мае назву «Бегущий за ветром».
Раман «The Kite Runner» у 2003 годзе апублікаваў Халед Хусэйні (Khaled Hosseini, нар. 1965), амэрыканскі пісьменьнік афганскага паходжаньня. Халед Хусэйні нарадзіўся ў Кабуле, у дзяцінстве нейкі час ён жыў таксама ў Іране і Францыі, дзе ягоны бацька служыў дыпляматам. У 1973 годзе ў Афганістане скасавалі манархію і абвясьцілі рэспубліку, а ў 1978-м уладу ў выніку крывавага перавароту захапілі камуністы з Народна-дэмакратычнай партыі Афганістану. Калі ў 1979 годзе Савецкі Саюз увёў сваё войскі ў Афганістан, сям’я Халеда Хусэйні папрасіла палітычнага прытулку ў ЗША. У ЗША Хусэйні закончыў каледж і стаў лекарам. У нашым стагодзьдзі ён адкрыў у сабе пісьменьніцкі талент і напісаў свой дэбютны раман, які імгненна стаў сусьветным бэстсэлерам — яго пераклалі на больш чым 50 моваў.
Да пэўнай ступені сюжэт «The Kite Runner» абапіраецца на жыцьцёвыя пэрыпэтыі аўтара. Герой кнігі Амір сябруе ў Кабуле з Хасанам, разам яны бяруць удзел у надзвычай папулярных у краіне «баях паветраных зьмеяў». Пасьля савецкай інтэрвэнцыі Амір зь сям’ёй уцякае ў Пакістан, а потым у ЗША, дзе зь цягам часу становіцца пасьпяховым пісьменьнікам. А потым зноў вяртаецца ў Афганістан, каб вырваць з рук талібаў сына свайго сябрука з кабульскага дзяцінства, Хасана.
Два наступныя раманы Халеда Хусэйні, пабудаваныя часткова на афганскім матэрыяле, «A Thousand Splendid Suns» (2007) і «And the Mountains Echoed» (2013), таксама сталі міжнароднымі бэстсэлерамі і прадаліся мільённымі накладамі. Але, як здаецца, у сэнсе падачы матэрыялу і літаратурнага мэсыджу аўтар ня здолеў прапанаваць нешта сапраўды новае ў параўнаньні зь яго выдатным дэбютным раманам.
Дзяўчынка ў хлапечай вопратцы
Вось яшчэ адзін выдатны раманны дэбют — аўтаркі, якая нарадзілася ў 1977 годзе ў сям’і афганскіх бацькоў у ЗША, куды яны эмігравалі ў пачатку 1970-х. Надыя Гашымі (Nadia Hashimi) закончыла ўнівэрсытэт у дзьвюх спэцыяльнасьцях: «Біялёгія» і «Блізкаўсходнія дасьледаваньні». Потым атрымала мэдычную ступень і стала працаваць лекарам-пэдыятрам.
У 2014 годзе яны выдала свой дэбютны раман: «The Pearl that Broke Its Shell» («Пэрліна, якая праламала ракавіну»). Раман расказвае дзьве асобныя дзявочыя гісторыі, разьдзеленыя стагодзьдзем у часе. Сучасны сюжэт датычыць Рахімы, якая вымушаная апранацца, як хлопчык (як «бача пош»), каб дапамагчы забясьпечваць сям'ю і праводзіць сясьцёр у школу (у традыцыйным афганскім грамадзтве непаўналетнія дзяўчаты мусяць суправаджацца мужчынам у публічным месцы). Другая сюжэтная нітка — гісторыя Шэкібы, якая апранаецца, як мужчына, каб ахоўваць каралеўскі гарэм, — надае раману эпічную пэрспэктыву і дыханьне.
Два наступныя раманы Гашымі — «When the Moon Is Low» (2015) і «A House Without Windows» (2016) — таксама сталі міжнароднымі бэстсэлерамі.
Гісторыя ў вачах антраполяга
На думку спэцыялістаў (якую я асабіста ня меў нагоды праверыць), кніга «Afghanistan: A Cultural and Political History» (2010) амэрыканскага антраполяга Томаса Барфілда (Thomas Barfield) належыць да найлепшых і найцікавейшых публікацый пра бурлівую і складаную гісторыю Афганістану. Магчыма, таму, што напісана яна не з пэрспэктывы прафэсійнага гісторыка, а якраз іншага спэцыяліста — антраполяга.
У кнізе Барфілд дае вартую ўвагі інтэрпрэтацыю прычын, чаму Афганістан і афганцы так схільныя да вайны, ня толькі з чужынцамі (брытанцамі, саветамі, амэрыканцамі), але і між сабою. Паводле Барфілда, Афганістан быў адносна лёгкай для кіраваньня тэрыторыяй да замежных уварваньняў — Вялікай Брытаніі ці потым СССР. Да гэтых інтэрвэнцый краіну ўзначальвала невялікая дынастычная эліта, якая забясьпечвала балянс сілаў паміж рознымі этнічнымі групамі. Замежныя ўварваньні прымусілі афганскіх кіраўнікоў мабілізаваць мясцовыя войскі для барацьбы з акупантамі. Хоць тактыка была пасьпяховай, каб выгнаць акупантаў з краіны, яна таксама аслабіла цэнтральную ўладу на карысьць мясцовых сілаў, якія штораз часьцей кантраляваліся военачальнікамі (палявымі камандзірамі).
Кнізе таксама паказвае, як гэтая дэцэнтралізаваная палітычная структура ў выніку прывяла да зьяўленьня талібаў, якія імкнуцца кантраляваць краіну праз цэнтралізаваную рэлігійную ўладу.
Мэмуары таліба
У 2010 годзе зьявіўся ангельскі пераклад аўтабіяграфічнай кнігі афганскага мулы Абдулы Салама Заіфа (нар. 1967) «Маё жыцьцё з „Талібанам“» («My Life with the Taliban»). Мэмуары, напісаныя арыгінальна на мове пушту адным з заснавальнікаў руху «Талібан» і ўдзельнікам змаганьня муджагедаў з савецкімі войскамі, былі вельмі прыхільна ўспрынятыя як чытачамі, так і спэцыялістамі ў афганскіх пытаньнях як глыбокі аналіз матывацый і сілаў, якія рухаюць талібамі.
Жыцьцё Абдулы Салама Заіфа як бы само напрошвалася, каб напісаць пра яго кнігу. Заіф нарадзіўся ў беднай сямʼі ў невялікай вёсцы на поўдні Афганістану і там атрымаў базавую рэлігійную адукацыю. Пасьля савецкай інтэрвэнцыі ён уцёк у Пакістан, а пазьней далучыўся да муджагедаў, каб ваяваць з акупантам. Падчас вайны ён трапляў у засаду дзевяць разоў і быў двойчы паранены. Калі савецкія салдаты выходзілі з Афганістану ў 1989 годзе, Заіф быў малодшым камандзірам муджагедаў. У 1990-х ён стаў адным з заснавальнікаў руху «Талібан» і пасьля першага прыходу да ўлады талібаў заняў пост амбасадара ў Пакістане, адной з трох краінаў, якія афіцыйна прызналі ўладу талібаў у Кабуле.
Пасьля ўварваньня ЗША Заіф быў арыштаваны пакістанскімі ўладамі і перададзены амэрыканскім апэратыўнікам у 2002 годзе, нягледзячы на яго дыпляматычны імунітэт. Амэрыканцы ўтрымлівалі яго спачатку ў базе Баграм у Афганістане, а потым у турме Гуантанама на Кубе, зь якой ён выйшаў летам 2005 году. Паводле сьцьвярджэньняў Заіфа, у базе Баграм да яго ўжывалі катаваньні.
«Войны прывідаў»
Поўны загаловак гэтай кнігі, якая выйшла ў 2004 годзе, такі: «Ghost Wars: The Secret History of the CIA, Afghanistan, and Bin Laden, from the Soviet Invasion to September 10, 2001» («Прывідныя войны: сакрэтная гісторыя ЦРУ, Афганістану і бін Лядэна, ад савецкага ўварваньня да 10 верасьня 2001»).
Кніга ў асноўным паказвае ролю ЦРУ ў стварэньні ў Афганістане джыгадысцкай апазыцыі супраць падтрыманага СССР камуністычнага ўраду ў Кабуле шляхам фармаваньня разьлеглай вярбовачнай сеткі, якая набірала байцоў з арабскіх краін. Аўтар, амэрыканскі журналіст Стыў Кол (Steve Coll), тлумачыць, як выведка ЗША праклала шлях да атакаў 11 верасьня, фінансаваўшы і ўзброіўшы сетку джыгадыстаў у імя барацьбы з савецкім акупантам.
Кніга таксама апавядае гісторыю муджагедаў у навучальна-трэнінгавых лягерах каля афганска-пакістанскай мяжы, якія эфэктыўна выкарыстоўвалі афганскія баевікі для змаганьня з савецкім войскам. Лягеры былі створаныя пакістанскай выведнай службай пад кіраўніцтвам Вашынгтону.
Стыў Кол потым напісаў «працяг» гэтай кнігі, паказваючы беспасьпяховыя спробы спэцслужбаў ЗША перамагчы талібаў у Афганістане: «Directorate S: The C.I.A. and Americaʼs Secret Wars in Afghanistan and Pakistan» (2019).
Падарожжа па бездарожжы
Нечаканым бэстсэлерам стала кніга «The Places in Between» («Месцы паміж», 2004), напісаная калярытным брытанскім аўтарам Роры Ст'юартам (Rory Stewart, нар. 1973), які паспрабаваў сябе таксама ў ролі навукоўца, дыплямата, палітыка і нават вайскоўца.
У студзені 2002 году, тры месяцы пасьля таго, як ЗША і Вялікая Брытанія пачалі інтэрвэнцыю ў Афганістане ў адказ на атакі «Аль-Кайды» на World Trade Center, Стуарт вырушыў пешшу зь Герату на захадзе краіны да Кабулу, аддаленага больш чым 800 кілямэтраў. Першапачаткова яго суправаджалі два ўзброеныя ахоўнікі, але большую частку свайго падарожжа ён адбыў без чалавечай кампаніі, толькі з сабакам. Падчас свайго маршу Ст'юарту даводзілася ратавацца ня толькі ад абстрэлу людзьмі зь немаведама якіх узброеных фармаваньняў, але і ад нападаў воўчых зграяў.
У сваім падарожжы Ст'юарт наведаў некалькі найбольш вядомых гістарычных мясьцін і помнікаў гістарычнай спадчыны Афганістану, у тым ліку Джамскі мінарэт з ХІІ стагодзьдзя і гэтак званыя Баміянскія статуі Буды, разбураныя талібамі за год да таго. Сьведчаньне Ст'юарта, што Джамскі мінарэт ацалеў падчас панаваньня талібаў, стала тагачаснай сэнсацыяй у колах гісторыкаў мастацтва і археолягаў ды выклікала заклапочанасьць ЮНЭСКА адносна захаваньня гэтага помніка ісламскай архітэктуры.
Травэлог Роры Ст'юарта быў высока ацэнены рэцэнзэнтамі і атрымаў некалькі прэстыжных літаратурных прэмій пасьля свайго выхаду.
«Варта» — суб’ектыўны агляд падзеяў у літаратуры ды, шырэй, у мастацтве і культуры. Думкі перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Мне падабаецца напісанае з жарсьцю». Ян Максімюк пра 10 кніг мінулага 30-годзьдзя