Падзеі, якія адбыліся 17 верасьня 1939 году, зьмянілі геаграфічную мапу Ўсходняй Эўропы. Тады Чырвоная армія, скарыстаўшыся нападам нацысцкай Нямеччыны на Польшчу, без абвяшчэньня вайны ўварвалася на тэрыторыю Заходняй Беларусі і Заходняй Украіны. Гэтыя землі ў міжваенны пэрыяд знаходзіліся ў складзе Польшчы.
Тыя падзеі нібыта аб’ядноўваюць гісторыю трох краін, але кожная зь іх ацэньвае гэтую гісторыю па-свойму. У Беларусі на 17 верасьня ўлады прызначылі «Дзень народнага адзінства». Ці быў ён такім па сутнасьці 82 гады таму і зь якіх прычын ва Ўкраіне гэты дзень ня лічаць аб’яднаўчым, Свабодзе расказаў гісторык, супрацоўнік Украінскага інстытуту нацыянальнай памяці Паўло Падабед.
«Залаты верасень»
Паўло Падабед кажа, што ніколі ні ў навуцы, ні ў жыцьці не сутыкаўся з ацэнкамі падзей 17 верасьня 1939 году як дня вяртаньня, саборнасьці ці аб’яднаньня ўкраінцаў.
«Разьдзяленьне ўкраінскіх земляў Збручам на Вялікую і Заходнюю Ўкраіну існавала ў міжваенны пэрыяд не празь міжусобіцы ці нязгоду між украінцамі або праз адметнасьці ў канфэсійнай культуры, як гэта даволі часта намагаецца навязаць расейская прапаганда. Гэта вынік паразы першых вызваленчых змаганьняў украінцаў, вынік перамогі Чырвонай арміі і адступленьня арміі Ўкраінскай Народнай Рэспублікі на захад, яе інтэрнаваньня ў Польшчы і, адпаведна, — акупацыі большасьці ўкраінскіх зямель Чырвонай арміяй у лістападзе 1920 году, а Польшчай — заходніх украінскіх зямель», — расказвае гісторык.
Паводле яго, ва Ўкраіне навукоўцы, краязнаўцы, дасьледчыкі і звычайныя грамадзяне часьцей называюць гэтыя падзеі «залатым верасьнем».
«Для нас гэта зьмена аднаго акупацыйнага рэжыму іншым, і дзеля справядлівасьці варта сказаць, што той рэжым, які прынесла Чырвоная армія на тэрыторыю Галічыны і Валыні, істотна адрозьніваўся ад польскай акупацыі. У межах польскай дзяржавы ўкраінцы мелі шмат няхай і абмежаваных, але замацаваных правоў і свабодаў, якімі яны не маглі карыстацца пад бальшавіцкім рэжымам. І гэтая гісторыя датычыць ня толькі Заходняй Украіны ці культуры заходніх украінцаў. Акупацыя гэтых абласьцей Чырвонай арміяй непасрэдна закранула і ўкраінскую інтэлігенцыю, якая ўцякала з Цэнтральнай і Ўсходняй на Заходнюю Ўкраіну ад бальшавікоў».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Біскуп Касабуцкі: Бел-чырвона-белы сьцяг — гэта сымбаль уваскрослага Хрыста, і гэта не залежыць ад ідэолягаўПаўло Падабед дадаў, што прыход Чырвонай арміі стаў пачаткам паляваньня на ўкраінскую інтэлігенцыю зь першай хвалі палітычнай міграцыі, зьвязаную з арміяй або зь дзяржаўнымі ці навуковымі ўстановамі Ўкраінскай Народнай Рэспублікі.
«Гэтых людзей сыстэматычна вышуквалі савецкія карныя органы і зьнішчалі. Таму нейкіх пазытыўных канатацый я не магу прыгадаць ні са свайго школьнага дзяцінства, ні зь сямейных гісторый ці з расказаў маёй жонкі, якая паходзіць зь зямель, захопленых Савецкім Саюзам у верасьні 1939 году. І нейкіх глярыфікацыйных размоў ці нейкага вызваленчага дыскурсу не існавала. Мы разумеем, што гэты акт быў зацьверджаны сілай зброі Чырвонай арміі і тэрорам, які потым быў на тых тэрыторыях», — падкрэсьліў гісторык.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 17 верасьня: сьвята, якое пражыве не даўжэй, чым антыпольская палітыкаПаводле яго, пасьля падпарадкаваньня Савецкаму Саюзу на тэрыторыі Заходняй Украіны адбыўся дэмантаж усяго ранейшага ладу жыцьця — ладу, які ператварыў тыя землі ў прытулак для ўцекачоў з Савецкай Украіны.
«Калі параўноўваць рэжымы — польскі на заходнеўкраінскіх землях да верасьня 1939 году і тое, што мела месца пасьля ўварваньня Чырвонай арміі, — то гэта абсалютна розныя плянэты палітычнага жыцьця. Таму што ўкраінцы страцілі магчымасьць палітычнага прадстаўніцтва сваіх інтарэсаў. Пэўныя рады, якія склікаліся на тэрыторыі Заходняй Украіны і абвяшчалі рэзалюцыі пра далучэньне да Савецкага Саюзу, мелі абсалютна дэкляратыўны характар, як і ў балтыйскіх дзяржавах пры акупацыі».
«І галоўнае — разам зь ліквідацыяй палітычнага плюралізму і прадстаўніцтва сваіх палітычных інтарэсаў Галічыну і Валынь пакінулі ня толькі тыя эмігранты, якія ўцякалі раней з Харкава, Адэсы ці Кіева. Уцякала ўжо і мясцовая прафэсура, ня толькі ўкраінская — гэта і палякі, і габрэі, якія былі вымушаныя выехаць са Львова. І гэта вынік ня польскага панаваньня, а прыходу бальшавікоў і Чырвонай арміі», — дадаў Паўло Падабед.
«Ва Ўкраіне 17 верасьня ніколі ня стала б днём адзінства»
Ва Ўкраіне дзень саборнасьці адзначаецца 22 студзеня — у гэты дзень 1919 году аб’ядналіся Ўкраінская Народная Рэспубліка і Заходне-Ўкраінская Народная Рэспубліка.
«Але нават калі б гісторыя склалася інакш, наўрад ці дата 17 верасьня магла б стаць днём адзінства ва Ўкраіне. Бо дагэтуль генэалягічныя гісторыі пэўных сямей перапоўненыя траўмамі савецкай акупацыі», — мяркуе Паўло Падабед.
У гэтым кантэксьце гісторык нагадаў, што пасьля захопу Чырвонай арміяй на Заходняй Украіне гвалтоўна ліквідавалі грэка-каталіцкую царкву.
«Гэта быў фактычна тэрор над галіцкім духавенствам, праз кроў, пагрозы, сьмяротныя пакараньні, прымус інтэлігенцыі падтрымаць ліквідацыю грэка-каталіцкай царквы і пераходзіць да праваслаўнай царквы, што адлюстравалася потым у канфэсійных канфліктах 1989–1991 гадоў на тэрыторыі Заходняй Украіны. Тыя супярэчнасьці і барацьба за храмы — гэта ж былі не багаслоўскія канфлікты і не канфлікты між украінцамі. Гэта вынік акупацыйнай палітыкі, і ў людзей засталося пачуцьцё крыўды і абражанасьці ня толькі на Савецкі Саюз і савецкі рэжым, а і на праваслаўных увогуле», — патлумачыў Паўло Падабед.
Як гэтыя падзеі выкладаюць ва ўкраінскіх школах
Украінскія школьнікі вывучаюць гэты пэрыяд украінскай гісторыі ў 11 клясе.
«Калі 17 верасьня 1939 году Чырвоная армія перайшла (раку) Збруч і ступіла на тэрыторыю Заходняй Украіны, СССР таксама стаў краінай-агрэсаркай. Распачатыя ваенныя дзеяньні цалкам узгадняліся з пунктамі таемнага пратаколу да „пакту Молатава-Рыбэнтропа“. Афіцыйна ж увядзеньне савецкіх войскаў тлумачылася неабходнасьцю абараніць жыцьцё і маёмасьць насельніцтва Заходняй Украіны і Заходняй Беларусі», — гаворыцца ў падручніку гісторыі Ўкраіны.
«Каб узаконіць далучэньне заходнеўкраінскіх зямель да УССР, у кастрычніку 1939 году правялі выбары ў Народны сход Заходняй Украіны. Для заходнеўкраінцаў, якія мелі досьвед дэмакратычных выбараў, гэтыя „выбары“ выглядалі фарсам. Усе кандыдаты мусілі быць абавязкова прызнаныя ўладай, належаць да „блёку партыі і народу“. Выбары праводзіліся пад пільным наглядам карных органаў, галасаваць дазвалялася і жаўнерам Чырвонай Арміі, хоць яны не былі грамадзянамі гэтых абласьцей».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сайт за 57 тысяч даляраў і выстава за 34 тысячы. Колькі каштуе сьвята народнага адзінства?«Упершыню за шмат стагодзьдзяў украінскія землі аб’ядналіся ў складзе адзінай дзяржавы. Аднак, павялічваючы свае тэрыторыі, Крэмль, вядома, кіраваўся не ідэяй украінскай саборнасьці, а ідэаламі расейскай імпэрскасьці. Мэханічнае аб’яднаньне ўкраінскіх зямель „па-сталінску“ прывяло не да вырашэньня актуальных пытаньняў украінскага народу, а да страты гістарычных нацыянальна-дэмакратычных дасягненьняў. Гэта выклікала фармаваньне ўкраінскага руху супраціву супраць савецкай улады», — адзначаюць аўтары ўкраінскага падручніка.
Украінская мова ў абмен на «вызваленьне ад калянізацыі»
У падручніку гаворыцца, што савецкае кіраўніцтва стварала з Савецкага Саюзу вобраз вызваліцеля Заходняй Украіны «ад буржуазнага польскага каляніялізму». І каб прасунуць гэтае ўяўленьне ў сьвядомасьць, на захопленых тэрыторыях пачалі ўкраінізацыю — усе двухмоўныя школы і гімназіі пераводзілі на ўкраінскую мову, у Львове пачаў дзейнічаць украінскамоўны тэатар.
«Найгоршае, да чаго прывяла палітыка Савецкага Саюзу, — гэта тое, што пад маркай „украінізацыі“ адбывалася ўніфікацыя культурнага і палітычнага жыцьця. Гэта мэтанакіраваная палітыка Масквы, якую яна выкарыстоўвала ня толькі ва Ўкраіне. Гэтая палітыка рэалізоўвалася і на іншых тэрыторыях Савецкага Саюзу, у тым ліку ў дачыненьні да безьдзяржаўных народаў. Украінізацыя ніякім чынам ня тычылася палітычнага жыцьця, а права ўкраінцаў на адукацыю на роднай мове ці пэўнае грамадзкае жыцьцё было вельмі дакладна рэглямэнтавана канкрэтнымі рамкамі», — кажа супрацоўнік Украінскага інстытуту нацыянальнай памяці Паўло Падабед.
Што такое «Дзень народнага адзінства»
Паміж СССР і Нямеччынай у жніўні 1939 году была падпісаная дамова аб новых межах і сфэрах уплыву ва Ўсходняй Эўропе («пакт Молатава — Рыбэнтропа»). 17 верасьня 1939 году савецкая Чырвоная армія, скарыстаўшыся нападам нацысцкай Нямеччыны на Польшчу, без абвяшчэньня вайны ўварвалася на тэрыторыю Заходняй Беларусі і Заходняй Украіны. Гэтыя землі ў міжваенны пэрыяд знаходзіліся ў складзе Польшчы.
Дзяржаўным сьвятам у СССР гэты дзень не лічыўся: пра «ўзьяднаньне БССР і Заходняй Беларусі» згадвалі, але стрымана і сьціпла. Ні ўрачыстых сходаў, ні мітынгаў ці парадаў у гэтыя дні не праводзілася.
7 чэрвеня 2021 году Аляксандар Лукашэнка, які ўтрымлівае ўладу ў Рэспубліцы Беларусь, заснаваў сьвята «Дзень народнага адзінства».
Рашэньне адзначаць падзеі 17 верасьня 1939 году як дзяржаўнае сьвята выклікала рэзка нэгатыўную рэакцыю ў суседзяў — у МЗС Літвы заявілі, што афіцыйны Менск «ігнаруе злачынствы, учыненыя двума самымі жорсткімі таталітарнымі рэжымамі ХХ стагодзьдзя».
У польскім МЗС заснаваньне сьвята назвалі «часткай дзеяньняў Расеі, накіраваных на пераасэнсаваньне надзвычай складанай гісторыі нашага рэгіёну». У Варшаве не сумняваюцца, што Лукашэнка выконвае тым самым расейскую палітыку перагляду складанай гісторыі рэгіёну.
Інстытут нацыянальнай памяці Польшчы назваў гэтую дату «Днём адзінства двух таталітарызмаў».