Служба бясьпекі Ўкраіны ў межах апэрацыі «Мігрант», якая праводзіцца супольна з Нацыянальнай паліцыяй у рамках барацьбы зь незаконнай міграцыяй з 1 па 31 верасьня, выявіла двух грамадзян Беларусі, якія незаконна перасеклі мяжу.
«Гэтых асобаў запрасілі да адміністратыўнага будынку СБУ для іх апытаньня. Пасьля правядзеньня адпаведных праверак грамадзян Беларусі перадалі ў Дзяржаўную міграцыйную службу», — паведаміў Свабодзе кіраўнік упраўленьня СБУ па ўзаемадзеяньні са сродкамі масавай інфармацыі і грамадзкасьцю Арцём Дзехцярэнка.
Паводле яго, беларусаў выявілі 16 верасьня пры праверцы аднаго з кіеўскіх гостэлаў, дзе пражываюць 12 грамадзян Беларусі.
«Беларускі дом ва Ўкраіне» 16 верасьня паведаміў аб затрыманьні пяцярых беларусаў. Сярод іх валянтэрка Алена Жаркевіч, якая дапамагала легалізавацца ва Ўкраіне беларусам-уцекачам, Віталь Таргонскі і былы міліцыянт Ягор Емяльянаў, які адмовіўся зьбіваць пратэстоўцаў і звольніўся пасьля жнівеньскіх падзеяў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ва Ўкраіне затрымалі пяцярых беларусаў-уцекачоў