Расея і Беларусь завяршылі супольныя вайсковыя вучэньні «Захад-2021». Бакі паведамілі аб пачатку працэсу вяртаньня вайсковай тэхнікі і сілаў у пункты сталай дысьлякацыі.
Ці павялічыліся ваенныя пагрозы для Ўкраіны пасьля беларуска-расейскіх вучэньняў і ці будзе ўкраінскі бок пераглядаць меры бясьпекі на паўночнай мяжы? Сваімі думкамі са Свабодай падзяліліся вайсковы і міжнародны экспэрты.
Галоўная пагроза — вайсковы альянс Беларусі і Расеі
Першае, на што зьвярнуў увагу дырэктар інфармацыйна-кансалтынгавай кампаніі Defense Express Сяргей Згурэц, гэта зьмена падмурку вайсковага альянсу Беларусі і Расеі.
«Стратэгічныя наступствы і небясьпека ў тым, што пагроза сапраўды існуе і палягае ў стварэньні альянсу Расеі і Беларусі ў новым фармаце, у якім ён пачынае абапірацца на агрэсыўную рыторыку непасрэдна расейскага прэзыдэнта. Яе пачынае паўтараць і Лукашэнка з улікам свайго стаўленьня да NATO і фармулёўкі вонкавай пагрозы як спосабу стабілізацыі ягонага выключна палітычнага становішча», — мяркуе вайсковы экспэрт.
Сяргей Згурэц дадаў, што заявы Аляксандра Лукашэнкі пра намер купіць у Расеі і разьмясьціць на мяжы з Украінай комплексы супрацьпаветранай абароны С-400 можна расцаніць як вызначэньне Ўкраіны як умоўнага агрэсара.
«Гэта якраз стварае дастаткова трывожны ў стратэгічным вымярэньні грунт. І ў гэтым сэнсе вучэньні „Захад-2021“ былі толькі дадатковым фактарам, які будзе, умоўна кажучы, забясьпечваць для Беларусі такую рыторыку і далей. А з улікам магчымасьці таго, што на тэрыторыі Беларусі застануцца асобныя вайсковыя арсэналы і фармаваньні асобных базаў, гэта стварае патэнцыйныя пагрозы для Ўкраіны».
Экспэрт перакананы, што ўкраінскія вайскоўцы будуць улічваць усе новыя абставіны ў апэратыўных плянах, а публічна пагрозы з боку Беларусі ня будуць абмяркоўвацца.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Беларусі завялі крымінальную справу за расстраляны герб на памежным слупеСяргей Згурэц падкрэсьліў, што і раней плян абароны Ўкраіны распрацоўваўся з улікам зьяўленьня яшчэ аднаго ўчастку мяжы, на якім будзе патрэбен дадатковы кантроль.
«Ухваленьню пляну абароны папярэднічаў аналіз сямі розных сцэнароў магчымага ўварваньня на тэрыторыю Ўкраіны. З улікам і сытуацыі зь беларускага кірунку, і з боку Прыднястроўя. Таму сілы і захады, якія на сёньня ёсьць ва ўкраінскай арміі, яны ня толькі арыентаваныя на мяжу і лінію сутыкненьня на ўсходзе Ўкраіны. Участак мяжы зь Беларусьсю таксама прыкрываецца».
Экспэрт нагадаў, што нядаўна ўздоўж украінскіх межаў адбыліся вучэньні сілаў спэцыяльных апэрацый.
«У нас таксама ўхвалены закон пра тэрытарыяльную абарону, які прадугледжвае крыху іншы падыход да абароны сваёй тэрыторыі з прыцягненьнем мясцовага насельніцтва, — то якраз гэты ўчастак мяжы, апроч прыкрыцьця звычайным арсэналам, таксама абапіраецца і на спосабы прыкрыцьця, аб’яднаныя з патэнцыялам сілаў спэцыяльных апэрацыяў», — удакладніў Сяргей Згурэц.
«Лукашэнка не кіруе бясьпекай Беларусі»
Міністар замежных справаў Украіны ў 2007–2009 гадах Уладзімер Агрызка мяркуе, што для Ўкраіны патэнцыйныя пагрозы зь Беларусі маюць сталы небясьпечны характар, незалежна ад таго, застануцца расейскія войскі на беларускай тэрыторыі пасьля вучэньняў ці не.
«Мы разумеем, што такое Расейская Фэдэрацыя і што такое цяперашняя сытуацыя для Лукашэнкі, калі ён фактычна ўжо не кіруе тым, што адбываецца ў краіне, і найменш у пляне бясьпекі. Таму для Ўкраіны гэтая тэма становіцца крытычна важнай і надзвычайна небясьпечнай», — сказаў Свабодзе Ўладзімір Агрызка.
Экс-міністар замежных справаў не выключае, што на тэрыторыі Беларусі застанецца расейская авіяцыя.
«А калі паглядзець геаграфію, дзе гэтая авіяцыя будзе разьмешчана, то падлёт да Ўкраіны будзе займаць некалькі хвілінаў. Таму гэта рэальная і вялікая небясьпека, і я лічу, што нашаму дзяржаўнаму кіраўніцтву варта ў тэрміновым парадку думаць пра тое, якім чынам ахоўваць нашыя паўночныя межы», — дадаў ён.
Уладзімір Агрызка мяркуе, што Ўкраіна пры неабходнасьці можа зьвярнуцца па міжнародную дапамогу.
«Скажам, нейкія вайсковыя вучэньні (праводзіць) усьцяж межаў, прысутнасьць тых ці іншых падразьдзяленьняў краін NATO і гэтак далей. А найперш — гэта адпаведны ўзровень узбраеньня, каб патэнцыйнаму агрэсару гэта было, па-першае, не па зубах, а па-другое, страты былі такімі, каб ён тройчы падумаў, ці варта на гэта ісьці і рабіць такія рэчы».
Экс-міністар перакананы, што пры неабходнасьці Вярхоўная Рада Ўкраіны дазволіць разьмясьціць на ўкраінскай тэрыторыі падразьдзяленьні замежных войскаў і краін NATO для правядзеньня супольных вучэньняў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Захад-2021»: «Расея і Беларусь трэніруюцца ваяваць з NATO»Што кажа ўкраінская выведка
Паводле інфармацыі Галоўнага ўпраўленьня выведкі Міністэрства абароны Ўкраіны, беларуска-расейскія вучэньні пачаліся яшчэ ў чэрвені, а з 10 да 16 чэрвеня ішла паказальная іх частка.
Ва Ўкраіне зьвярнулі ўвагу на тое, што сёлета на вучэньнях асабліва адпрацоўвалі элемэнты апэратыўнай сумяшчальнасьці беларускіх і расейскіх падразьдзяленьняў, а таксама пытаньні супрацьпаветранай абароны.
«Яшчэ адзін напрамак — хуткае нарошчваньне групоўкі расейскіх войскаў на тэрыторыі Беларусі дзякуючы перадысьлякацыі з эўрапейскай часткі Расеі. Гэта сьведчыць, што Расея актыўна адпрацоўвае пытаньне стварэньня груповак і перамяшчэньня рэзэрваў. Мы бачым, што адпрацоўваюць нарматывы па перакіданьні войскаў, а таксама вывучаюць магчымыя раёны будучых баявых дзеяньняў і каардынуюць падразьдзяленьні пры дапамозе рэалізацыі элемэнтаў, якія ўжо ўласьцівыя апэрацыям у рэальных баявых умовах», — сказаў прадстаўнік галоўнага ўпраўленьня выведкі Міністэрства абароны Ўкраіны Вадзім Скібіцкі ў адным з інтэрвію вайсковаму радыё «Армія».
Паводле яго, любое нарошчваньне расейскіх войскаў на межах з Украінай павялічвае ўзровень ваеннай пагрозы для краіны.
«Цяпер ідзе фармаваньне супольнага вучэбна-баявога цэнтру на тэрыторыі Беларусі. Яшчэ два будуць створаныя на тэрыторыі Расеі. То, хутчэй за ўсё, беларускі цэнтар будзе выкарыстоўвацца для сталай прысутнасьці там расейскіх войскаў», — ня выключыў прадстаўнік выведкі Міністэрства абароны Ўкраіны.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Крамлі адрэагавалі на просьбу Лукашэнкі аб пастаўках С-400