Генпракуратура Беларусі выставіла ўльтыматум прыватнаму бізнэсу

Ілюстрацыйнае фота. Крама Symbal.by перад закрыцьцём. Чэрвень 2020 году

Намесьнік Генэральнага пракурора Беларусі Сяргей Хмарук заявіў, што адказнасьць для бізнэсоўцаў за «ўдзел у антыграмадзкай дзейнасьці» і яе фінансаваньні будзе вельмі строгай.

На думку Сяргея Хмарука, у Беларусі шмат робіцца для таго, каб «мінімізаваць праблемы бізнэсу», ствараць нармальныя ўмовы яго вядзеньня, ліквідаваць залішняе адміністраваньне.

«Але з другога боку, мы сутыкаемся з новымі выклікамі... Любы ўдзел у антыграмадзкай дзейнасьці прадстаўнікамі бізнэсу, фінансаваньне такой дзейнасьці, а таксама замах на грамадзкую і дзяржаўную бясьпеку будзе спыняцца самым жорсткім чынам, з прымяненьнем мераў адказнасьці», – заявіў намесьнік генпракурора.

Што ў ведамстве разумеюць пад «антыграмадзкай дзейнасьцю», Хмарук не патлумачыў.

19 жніўня Аляксандар Лукашэнка заявіў, што зь бізнэсам ніхто рахункі ня будзе зводзіць:

«Хтосьці памыліўся, хтосьці заблукаў, хтосьці няправільна зразумеў нешта. Трэба зь імі паразумецца. Я гатовы нават на маім узроўні гэта рабіць, калі вы знойдзеце адпаведную форму. Але тых, хто працаваў сумленна ў нас, тых, хто хоча да нас прыйсьці працаваць, мы павінны іх прымаць як сваіх людзей, якія ствараюць карысьць для народу і дзяржавы».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Палітыка і бізнэс — рэчы розныя». Лукашэнка засьцярог «занадта разумных» бізнэсоўцаў