«Медуза» адправіла звыш 600 лістоў беларускім палітвязьням

Рэдакцыя «Медузы» атрымала больш як 400 пасланьняў чытачоў і склала зь іх адно «ад усіх нас». Вось ягоны тэкст.

«Вітаем.

Гэта незвычайны ліст. У яго амаль 500 аўтараў. І больш за 600 атрымальнікаў.

Зараз патлумачым. 9 жніўня споўніўся роўна год з дня прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі. За гэты год краіна зьмянілася назаўжды. І мы — рэдакцыя «Медузы» (магчыма, вы чулі пра нас ці нават чыталі нашыя тэксты) — зрабілі да гадавіны вялікі спэцпраект. У тым ліку прапанавалі нашым чытачам напісаць ліст беларускім палітвязьням.

Мы атрымалі сотні лістоў з Расеі, Беларусі, Украіны, Кітаю і іншых краін. І прачыталі іх усе. Вось толькі некаторыя цытаты:

„Вы самыя моцныя людзі, якіх я ведаю. Усё абавязкова будзе добра!“

„Ня трацьце веры! Гэта ўсё не дарма“.

„Захапляюся вашай адвагай. Вы падаравалі надзею“.

„Дарагі сябра. Я схіляюся перад тваёй мужнасьцю. Ганаруся сваім братам-беларусам і хачу браць зь цябе прыклад. Цярплівасьці табе, дарагі сябра, сілаў, упэўненасьці, моцнага здароўя. Спадзяюся, што мы калі-небудзь прачнёмся кожны ў сваім чыстым, свабодным, шчасьлівым доме“.

„Часам у турме можна быць значна свабаднейшым, чым на волі. Сусьвет абавязкова дапаможа вам пражыць гэтае ліхалецьце і застацца сабой“.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Цытаты праз краты. «Я вырашыў заставацца чалавекам»

„За гэты год кожны з нас пераканаўся ў тым, што сапраўдныя героі ня носяць пагонаў і ня маюць званьняў. Нізкі паклон вам за мужнасьць, стойкасьць і сьмеласьць. Вы сваім прыкладам даказалі, што беларусаў загубіць немагчыма. У нашай Радзімы самае прыгожае аблічча, бо яно — ваша. Дзякуй!“

„Хлопцы і дзяўчаты, трымайцеся. Мы думаем і памятаем пра вас“.

„Свабода — тавар нятанны. Сумна і несправядліва, што за яго даводзіцца плаціць такую цану. Але трэба памятаць: нічога ня доўжыцца вечна, пасьля зімы абавязкова будзе лета, а новы сьвітанак прагоніць прэч старую цемру. Галоўнае ня траціць веры. Праменьчык падтрымкі, здароўя, цярплівасьці і ўнутранай свабоды! Трымайцеся“.

„Не здавайцеся і не складайце рук, хоць здаецца, што ўжо невыносна і ўсё марна. Дабро мацнейшае за зло, на гэтым сьвет і трымаецца“.

„Раней я думаў, што беларусы — гэта расейцы са сьмешным акцэнтам, нічога сурʼёзнага. Відавочна, што гэта ня так. Сёньня я б меў за гонар стаяць з вамі ў адным шэрагу“.

Ліст, які вы цяпер чытаеце, мы адправілі ўсім беларускім палітвязьням — на жаль, іх ужо больш за 600. Будзем верыць, што ўсе лісты прайшлі цэнзуру і дайшлі да адрасатаў, якія цяпер знаходзяцца ў СІЗА і калёніях па ўсёй краіне.

Спадзяёмся, гэты ліст зрабіў ваш дзень хаця б крыху лягчэйшым. Калі ласка, трымайцеся.

Вашая „Медуза“».

Гэтыя лісты «Медузе» дапамаглі адправіць валянтэры беларускага праекту «Майстэрня паштовак салідарнасьці». Яны перапісалі тэкст ад рукі больш за 600 разоў у спадзеве, што так лісты пройдуць турэмную цэнзуру.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Цытаты праз краты. «Кожны, хто не абыякавы да Беларусі, тут вельмі патрэбен»