Паводле праваабаронцаў, гэтым разам яго затрымалі на падставе артыкулу 342 Крымінальнага кодэксу (арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак).
Віктара Фенчука схапілі 31 жніўня, адразу пасьля таго, як у офісе «Аховы птушак Бацькаўшчыны» прайшоў ператрус. Тады яго асудзілі на 12 сутак, ад таго моманту ён утрымліваецца на Акрэсьціна. Артыкул, які яму інкрымінавалі, невядомы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Былога кіраўніка «Аховы птушак Бацькаўшчыны» арыштавалі на 12 сутакВіктар Фянчук — вядомы дзеяч у сфэры аховы навакольнага асяродзьдзя, сябра Франкфурцкага заалягічнага таварыства. Раней узначальваў «Ахову птушак Бацькаўшчыны». У 2014 годзе пераехаў у Белавескую пушчу, дзе ўдзельнічаў у праграме падтрымкі запаведнасьці.
8 лістапада 2020 году Віктара Фенчука затрымалі за ўдзел у акцыі пратэсту і прысудзілі 15 сутак арышту.
31 жніўня ў менскай сядзібе «Аховы птушак Бацькаўшчыны» прайшоў ператрус. Сілавікі папрасілі копіі некаторых фінансавых дакумэнтаў і праверылі тэлефоны супрацоўнікаў. Сьледам затрымалі былога кіраўніка.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сілавікі прыйшлі зь ператрусам у «Ахову птушак Бацькаўшчыны»«Ахова птушак Бацькаўшчыны» — экалягічная грамадзкая арганізацыя, якая працуе дзеля захаваньня разнастайнасьці відаў і экасыстэм, залучаючы беларусаў да актыўнай аховы прыроды. Паўстала ў 1985 годзе як Беларускае аддзяленьне Ўсесаюзнага арніталягічнага таварыства.
Цяперашнюю назву носіць з 1995 году, калі аддзяленьне аб’ядналася з Заходне-Беларускім таварыствам аховы птушак. У 1999-м атрымала статус афіцыйнага прадстаўніка BirdLife International у Беларусі і афіцыйна назірае за птушкамі, супрацоўнічае з арнітолягамі.