Міністэрства юстыцыі зьбіраецца ліквідаваць грамадзкую арганізацыю «Беларускі камітэт Міжнароднай Рады па помніках і мясьцінах (ICOMOS)». Справу разгледзіць Вярхоўны суд 15 верасьня, заўважыла «Эўрарадыё».
ICOMOS займаецца аховай архітэктурнай і археалягічнай спадчыны. Міжнародная арганізацыя была створана ў 1965 годзе, беларускі камітэт — у 2002-м.
Цяпер у беларускім камітэце 60 чалавек, узначальвае яго гісторык Сьцяпан Стурэйка.
Арганізацыя сёлета ў другі раз праводзіць конкурс «Спадчына ў дзеяньні», у якім узялі ўдзел каля 80 праектаў, рэалізаваных з 2018 году. Вынікі меліся падвесьці ў першай палове верасьня.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Ня трэба патураць народным густам», — што культурны антраполяг кажа пра помнік Сапегу і скульптуру ЧабурашкіАд сярэдзіны ліпеня па ўсёй Беларусі адбываецца масавая ліквідацыя недзяржаўных арганізацый.
Пад пагрозай існаваньне дзясяткаў асьветніцкіх, праваабарончых, дабрачынных, спажывецкіх, дасьледчых і іншых арганізацый. Іх прадстаўнікоў затрымліваюць, праводзяць у іх дома і ў офісах ператрусы, арыштоўваюць рахункі.
31 жніўня сілавікі прыйшлі зь ператрусам у «Ахову птушак Бацькаўшчыны».
У красавіку міністар замежных спраў Беларусі Ўладзімер Макей заявіў, што ў адказ на заходнія санкцыі ўлады зьнішчаць грамадзянскую супольнасьць.
«Любое далейшае ўзмацненьне жорсткасьці санкцый прывядзе да таго, што грамадзянская супольнасьць, пра якую яны клапоцяцца, перастане існаваць. І гэта будзе, я лічу, абсалютна абгрунтавана ў дадзенай сытуацыі», — сказаў Макей.
У ліпені Аляксандар Лукашэнка заявіў пра зачыстку недзяржаўных арганізацый.
«Так і ўрад, і МЗС пабеглі за „дэмакратыяй“ і пастваралі ў нас (хай Макей ізноў ня прыме на свой рахунак, гэта і да яго яшчэ было, яму гэта ў спадчыну дасталася, трэба цяпер разграбаць), і мы атрымалі пад 2 тысячы на невялікую краіну НДА, НКА, бандытаў і замежных агентаў. Ну і што, дэмакратыю атрымалі?»
«Ідзе зачыстка. Вы думаеце, гэта проста? Там ужо тысячы людзей працуюць, нашых людзей, і ў асноўным з павернутымі, прамытымі за чужыя грошы мазгамі», — сказаў Лукашэнка.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Стымулявалі адказваць ударамі і электрашокерам». Хроніка перасьледу 11 верасьня