Як паведамілі ў прэсавай службе Дзяржаўнай памежнай службы Ўкраіны, мяжу на беларускім напрамку дзень і ноч кантралююць патрулі са службовымі сабакамі, памежная авіяцыя і катэры на водных участках.
У прэсавай службе не ўдакладнілі прычын узмацненьня аховы мяжы. «Для гэтага залучаныя ўсе неабходныя рэсурсы, у тым ліку спэцыяльныя падразьдзяленьні. Памежнікі апрацоўваюць усю інфармацыю, якая можа паўплываць на стан аховы дзяржаўнай мяжы, і эфэктыўна ўзаемадзейнічаюць з падразьдзяленьнямі Ўзброеных сілаў Украіны ды іншымі структурамі».
«Гэтыя захады ўжываюцца для папярэджаньня магчымых правапарушэньняў, правакацый, нестандартных сытуацый і магчымага незаконнага перасячэньня мяжы групамі асобаў», — удакладнілі ў Дзяржаўнай памежнай службе Ўкраіны.
10 верасьня пачынаецца практычная частка беларуска-расейскіх вучэньняў «Захад-2021», якія пройдуць на тэрыторыі дзьвюх краінаў. На тэрыторыі Беларусі будуць 13 тысяч удзельнікаў, у тым ліку 2500 расейскіх вайскоўцаў і да 50 казахстанскіх. Агулам і ў Беларусі, і ў Расеі ў вучэньнях возьмуць удзел 200 тысячаў вайскоўцаў. 400 беларускіх вайскоўцаў возьмуць удзел у вучэньнях на тэрыторыі РФ.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Маштаб, мэты, пратэсты: што трэба ведаць пра беларуска-расейскія вучэньні «Захад»Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Валер Залужны 10 верасьня паведаміў аб падрыхтоўцы да маштабных міжнародных вайсковых вучэньняў «Аб’яднаныя намаганьні — 2021», якія пройдуць ва Ўкраіне з 22 да 30 верасьня. У іх возьмуць удзел 15 краін, у тым ліку 11 чальцоў NATO.
«Хачу падкрэсьліць, што гэтыя вучэньні маюць выключна абарончы характар. Яны накіраваныя на абарону Ўкраіны, павелічэньне абаронных магчымасьцяў і ўзаемасумяшчальнасьці з Узброенымі сіламі краін-партнэраў», — паведаміў Валер Залужны.
Паводле яго, вучэньні будуць праходзіць на васьмі палігонах Украіны, а сцэнар іх правядзеньня будаваўся на аснове «аднаго з магчымых варыянтаў разьвіцьця ваенна-палітычнай сытуацыі вакол Украіны».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Расейскія самалёты і ракеты заступілі на баявое дзяжурства ў БеларусіУ прыватнасьці, на першых двух этапах будуць адпрацоўваць кіраваньне абароннымі сіламі дзяржавы ў выпадку вонкавай агрэсіі, а на трэцім — групоўкай войскаў з выкарыстаньнем шматнацыянальных падразьдзяленьняў.
Плянуецца, што ў вучэньнях будуць задзейнічаныя 12,5 тысячы вайскоўцаў і больш як 600 адзінак вайсковай тэхнікі, у тым ліку танкі, ракетныя сыстэмы, баявыя караблі і авіяцыя.
У вучэньнях будуць удзельнічаць прадстаўнікі Ўзброеных сілаў Вялікай Брытаніі, Грузіі, Італіі, Іярданіі, Канады, Латвіі, Літвы, Малдовы, Нямеччыны, Польшчы, Славаччыны, Румыніі, ЗША, Вугоршчыны ды Швэцыі.