Судзьдзя адзначыла, што ў дзяўчыны «вельмі цікавая і арыгінальная прычоска», і прызнала яе вінаватай у пікетаваньні, піша «Вясна назірае».
19-гадовую Вікторыю Лёвіну міліцыянты затрымалі 9 верасьня на вуліцы Адзінцова ў Менску — ім не спадабаўся колер валасоў дзяўчыны. Вікторыю адвезьлі ў Фрунзенскі РУУС, дзе на яе склалі пратакол па арт. 24.23 КаАП, пазначыўшы, што яна «правяла пікетаваньне, маючы на галаве афарбоўку валасоў бел-чырвона-белага колеру».
Суд над дзяўчынай адбыўся ў той жа дзень у судзе Фрунзэнскага раёну. Вікторыя расказала, што валасы пафарбавала амаль паўгода таму дзеля жарту. Адразу яны былі белыя, а ззаду некалькі пасмаў чырвонага колеру. Але ў дзяўчыны адрасьлі чорныя карані валасоў, таму яны цяпер маюць афарбоўку «чорна-бела-чырвоную».
Судзьдзя Натальля Бугук папрасіла Лёвіну праз скайп павярнуцца і паказаць, як выглядае колер валасоў. Судзьдзя адзначыла, што ў яе «вельмі цікавая і арыгінальная прычоска», і прызнала Вікторыю вінаватай у пікетаваньні. Вырак — штраф у памеры 2320 рублёў (80 базавых велічынь).
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 1740 рублёў штрафу курʼеру, які вёз ежу. За што яшчэ судзяць у Беларусі? ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Арышты і ператрусы 14 траўня: 15 «сутак» хвораму на рак за тапак, штраф пэнсіянэру за паркан «няправільнага» колеру