У сеціва трапіў дакумэнт з істотнымі зьменамі ў Падатковы кодэкс, піша Zerkalo.io.
Паводле яго,
- адменяць адзіны падатак і спрошчанае падаткаабкладаньне прадпрымальнікам і фізычным асобам,
- ліквідуюць ільготныя зборы рамесьнікам і гаспадарам аграсядзібаў,
- падвысяць падаходны падатак арэндадаўцам кватэр і гаражоў,
- павялічаць зямельны падатак і акцызы на тытунь і алькаголь,
- падвысяць з 16 да 21% падатак на перавышэньне выдаткаў над даходамі.
Паводле інфармацыі Zerkalo.io, нядаўна магчымыя зьмены ў Падатковы кодэкс абмяркоўвалі ва ўрадзе, пасьля чаго і зьявіўся згаданы дакумэнт (афіцыйны статус яго, аднак, не пацьверджаны).
Новыя ўмовы могуць стаць загараджальнымі для індывідуальных прадпрымальнікаў, сказала акадэмічны дырэктар BEROC Кацярына Барнукова Myfin.by.
Паводле яе, «ідэя спрошчанага падаткаабкладаньня была ў тым, што калі ў ІП ёсьць нейкія выдаткі, замест таго, каб весьці бухгальтэрыю (а для гэтага трэба наймаць бухгальтара), лічыць гэтыя выдаткі і плаціць 18% падатку ад прыбытку, сказалі: а давайце ён ня будзе нічога лічыць, а проста будзе плаціць 3-5% ад выручкі».
Яна лічыць, што фактычна гаворка ідзе пра забаронныя захады для шмат якіх малых бізнэсаў.
«У многіх іпэшнікаў сапраўды ёсьць расходы і ў іх няма такой маржынальнасьці, каб плаціць 13-16% з выручкі, а не прыбытку», — гаворыцца ў матэрыяле Myfin.by.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Беларусі абнавілі базу дармаедаў. Ці трапілі ў яе палітычныя ўцекачы і зьняволеныя?22 ліпеня Аляксандар Лукашэнка абурыўся колькасьцю прадпрымальнікаў і падаткамі, якія яны плацяць.
«У нас народу столькі няма, а скора будзе 12 мільёнаў індывідуальных прадпрымальнікаў. Мы стварылі калясальны афшор, дзе людзі нічога ня плацяць, а ўжо ўсе — індывідуальныя прадпрымальнікі. Ад журналістаў (прыкладаў мора) да чыноўнікаў. Таму тут трэба навесьці парадак», — заявіў ён.
Паводле зьвестак Нацыянальнага статыстычнага камітэту, на 1 чэрвеня 2021 году ў Беларусі налічвалася 274 323 індывідуальныя прадпрымальнікі. У 40 зь лішкам разоў меней, чым налічыў Лукашэнка.
З 17 жніўня ў Менску спынілі рэгістрацыю індывідульных прадпрымальнікаў, спаслаўшыся на тэхнічныя прычыны.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Цэны проста ўзьляцелі». Пасьля рашэньня ўраду ў Беларусі падаражэла сьвініна