Пра гэта паведамляе беларускае вайсковае ведамства. 9 верасьня на аэрадроме в/ч 54804 Узброеных сілаў Беларусі ў Баранавічах прайшоў «урачысты рытуал» заступленьня на баявое дзяжурства дзеля аховы паветраных межаў так званай «саюзнай дзяржавы».
Адначасова ў гэты ж час на Горадзеншчыне заступілі на баявое дзяжурства спэцыялісты расейскіх зэнітных ракетных войскаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Фэдэрацыя супраць рэспублікі. Сёньня ў Беларусі і Расеі стартуюць вайсковыя вучэньні «Захад-2021»Як гаворыцца ў паведамленьні Мінабароны Беларусі, мэта стварэньня вучэбна-баявога цэнтру — падвышэньне прафэсійна-службовай падрыхтоўкі, вывучэньне новых узораў тэхнікі, якія ў бліжэйшай пэрспэктыве могуць быць пастаўленыя на ўзбраеньне беларускай арміі, удасканаленьне навыкаў асабовага складу падразьдзяленьняў Узброеных сілаў Беларусі і Вайскова-касьмічных сілаў Расеі.
Удакладняецца, што стварэньне цэнтру дасьць магчымасьць «умацаваць практычны складнік адзінай рэгіянальнай сыстэмы супрацьпаветранай абароны саюзнай дзяржавы».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ці стануць вучэньні вайной? Меркаваньне экспэрта9 верасьня ў Беларусі і Расеі пачаліся вайсковыя вучэньні «Захад-2021». Сярод палігонаў, на якіх яны пройдуць, і два беларускія — каля Баранавічаў і Берасьця.
Уладзімер Пуцін распарадзіўся стварыць расейскую авіябазу ў Беларусі яшчэ ў 2015 годзе, але тады Лукашэнка здолеў адмовіцца ад такіх плянаў Крамля. Цяпер жа, у 2021 годзе, расейскія самалёты і ракетныя комплексы прыбылі ў Беларусь для супольнага вучэбна-баявога цэнтру.
8 верасьня на аэрадром у Баранавічы для фармаваньня такога цэнтру сумеснай падрыхтоўкі прыбылі самалёты Су-30СМ ВКС Расеі. У канцы жніўня з гэтай жа мэтай у Горадню прыбылі падразьдзяленьні зэнітных ракетных войскаў Расеі.
5 сакавіка вайсковае ведамства Расеі паведаміла, што міністры абароны Расеі і Беларусі Сяргей Шайгу і Віктар Хрэнін дамовіліся аб стварэньні трох навучальных цэнтраў для сумеснай падрыхтоўкі вайскоўцаў, пры гэтым адзін з цэнтраў мае знаходзіцца ў Беларусі.