Пра гэта напісала ў фэйсбуку загадчыца аддзелу традыцыйнай культуры Берасьцейскага абласнога грамадзка-культурнага цэнтру Ларыса Быцько.
«Згарэла ўсё яе, і наша з вамі, багацьце! Натканыя ручнікі, посьцілкі, наміткі, спадніцы-буркі. Згарэў Сьцепанідзін строй, які выткала яна сабе на сьмерць», — напісала Ларыса Быцько.
Сама Сьцепаніда Сьцепанюк, хоць і была пасьля інсультаў фактычна прыкутая да ложка, здолела разьбіць галавой шыбу і выпаўзьці праз акно на двор.
Работнікам культуры з Маларыты, якія адведалі яе ў хаце дачкі, што жыве побач, майстрыха расказала, што змагла ўратаваць толькі ордэн «За вернасьць Бацькаўшчыне», якім яе ўганаравалі на 80-годзьдзе.
Сьцепаніда Аляксееўна ткала на кроснах, якія сваімі рукамі некалі зрабіў яе бацька. Ткацтвам яна займаецца зь дзяцінства. У яе замаўлялі адзеньне аддзелы культуры і простыя людзі. Свае вырабы яна дэманстравала і за мяжою, адкуль прывозіла ўзнагароды ня толькі за цікавае адзеньне, але і за захаваньне культурнай спадчыны.