На вуліцы Прытыцкага ў Менску раніцай 9 верасьня жыхары зладзілі марш пратэсту зь бел-чырвона-белай сымболікай. Але на месцы акцыі апынуліся супрацоўнікі ГУБАЗіК, якія жорстка затрымалі некалькіх удзельнікаў, піша Эўрарадыё.
Праваабаронцы з цэнтру «Вясна» даведаліся імя дваіх затрыманых — гэта Дзьмітры Палякоў і Аляксей Бусел.
Як распавялі чытачы Свабоды, сёньня плянаваўся міні-марш на чалавек 50 у раёне Кунцаўшчыны. Удзельнікі своечасова даведаліся, што сілавікі знаходзяцца непадалёк, што дазволіла натоўпу скарыстацца сытуацыяй і рассяродзіцца. Затрыманыя адзінкі, паводле ўдзельнікаў маршу, гэта маглі быць і выпадковыя людзі.
Як паведамлілі «Нашай Ніве» відавочцы, каля 26-й паліклінікі ў Кунцаўшчыне каля 08:20 бачылі чалавека ў кайданках, які ляжаў, а каля яго стаяў характэрны сіні мікрааўтобус:
«Хутчэй за ўсё, гэта была выпадковасьць. Стаяла ДАІ, хлопец дастаў сьцяг у іх пад носам, не зьвярнуўшы ўвагі. Яго адразу павалілі, паклікалі бус, вось і ўся спэцапэрацыя. Магчыма яшчэ аднаго затрымалі, хто зь ім побач быў. Пакуль невядома».
Відэа з затрыманым Дзьмітрыем Паляковым ужо зьявілася ў праўладных тэлеграм-каналах, таксама зьявілася відэа і з другім затрыманым, яго імя пакуль невядомае.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пэнсіянэркі правялі ў Менску марш за свабоду. ВІДЭА ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Яшчэ пройдзем пераможным маршам». Згадваем, як год таму праходзіў жаночы Гранд-марш салідарнасьці