Тэлеканал пацьвярджае, што іх спрабавалі выцягнуць за мяжу ўкраінскія спэцслужбы. Апэрацыя нібыта адбывалася зь ведама і з падтрымкай ЗША.
Летась 29 ліпеня ў санаторыі пад Менскам затрымалі 33-х расейскіх грамадзянаў. Беларуская ўлада заявіла, што падазрае іх у падрыхтоўцы беспарадкаў напярэдадні выбараў. Украіна прасіла выдаць вагнэраўцаў ёй, бо яны бралі ўдзел у баявых дзеяньнях у Данбасе. Але праз два тыдні затрыманых вярнулі ў Расею. Пазьней зьявілася інфармацыя, што вагнэраўцаў меліся затрымаць украінскія спэцслужбы падчас рэйсу зь Менску.
Трое былых высокапастаўленых чыноўнікаў украінскай вайсковай выведкі расказалі CNN, як яны арганізоўвалі экстрадыцыйную апэрацыю.
«Па-першае, украінскія агенты выдавалі сябе за расейскую прыватную ваенную кампанію, наймаючы на працу ў сфэры бясьпекі. Аплачвацца яна мелася вышэй за вызначаную норму, кантракт быў на 5000 даляраў у месяц для абароны нафтавых аб’ектаў Вэнэсуэлы», — паведамілі CNN украінцы на ўмовах ананімнасьці.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Як нам вызваляць украінскі Данбас, разьбяромся і безь яго», — ва Ўкраіне адрэагавалі на заявы ЛукашэнкіКрыніцы паведамілі, што на гэтую прынаду трапілі сотні патэнцыйных расейскіх падрадчыкаў, якія падалі заяўкі на працу. Гэта дало ўкраінскай выведцы магчымасьць пачаць выяўленьне адказных за ваенныя злачынствы.
«Мы пачалі ім тэлефанаваць і казаць: «Гэй, мужык, раскажы мне што-небудзь пра сябе. Можа, ты на самай справе не баец, можа, ты сантэхнік ці нешта ў гэтым родзе», — сказаў адзін з былых афіцэраў вайсковай выведкі.
«А потым яны пачалі раскрываць нешта пра сябе, дасылаючы нам дакумэнты, вайсковыя пасьведчаньні і доказы таго, дзе яны ваявалі. І мы былі кшталту «бінга, мы можам гэта выкарыстоўваць», — дадала крыніца.
Паводле афіцэраў выведкі, расейцы самі пачалі дасылаць доказы таго, кім яны былі, свайго ваеннага досьведу і нават канкрэтных бітваў і інцыдэнтаў, у якіх яны ўдзельнічалі, уключна з пасьведчаньнямі асобы і патэнцыйна кампрамэтуючымі фатаграфіямі і відэа іх «подзьвігаў» на ўсходзе Ўкраіны і ў іншых месцах.
На адным відэа, перададзеным CNN былымі крыніцамі вайсковай выведкі, была група баевікоў на ўсходзе Ўкраіны, якая трымала абломкі вайсковага самалёта, які, па словах крыніц, толькі што быў зьбіты.
Іншыя заяўнікі былі зьвязаныя з атакай на самалёт MH17, рэйс Malaysian Airlines з Амстэрдама ў Куала-Лумпур, які быў зьбіты ў ліпені 2014 году над украінскай тэрыторыяй, кантраляванай прарасейскімі сэпаратыстамі.
«Двое прысутнічалі пры запуску ракеты, якая зьбіла MH17. Чацьвёра іншых былі чальцамі групы, якая зьбіла наш вайсковы самалёт і забіла ня менш за 70 нашых найлепшых людзей», — сказаў CNN другі былы супрацоўнік украінскай вайсковай выведкі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Якія новыя факты зьявіліся ў справе зьбітага ў 2014 годзе ў Данбасе самалёта MH17?Па словах прадстаўнікоў украінскай выведкі, апэрацыя пад кіраўніцтвам Украіны атрымала амэрыканскія грошы, тэхнічную дапамогу і рэкамэндацыі ЦРУ аб тым, як выманіць расейскіх наймітаў. Афіцыйныя асобы ЗША адмаўляюць сваю непасрэдную ролю ў апэрацыі затрыманьня вагнэраўцаў.
Высокапастаўлены чыноўнік ЗША сказаў CNN, што гэтыя заявы «лжывыя».
Ён паказаў, што выведка ЗША ведала пра апэрацыю, але адмаўляў якое-небудзь дачыненьне да яе. Чыноўнік, які пажадаў застацца неназваным, выказаў здагадку, што спроба ўцягнуць амэрыканцаў можа быць жаданьнем падзяліць або нават перакласьці віну за правал украінскай апэрацыі.
Плянам украінскай выведкі перашкодзіла пандэмія каранавірусу, калі Расея закрыла свае межы. Тады расейцаў даставілі на аўтобусе ў Менск, адкуль яны меліся, як самі думалі, адправіцца ў Вэнэсуэлу. Сапраўдны плян украінцаў палягаў у тым, каб пасадзіць самалёт з вагнэраўцамі ва Ўкраіне.
Паводле ўкраінскіх крыніцаў CNN, гэтая няўдача стала сурʼёзным ударам для ўкраінскай выведкі. Падрыхтоўка гэтай апэрацыі працягвалася амаль 18 месяцаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Расейскія салдаты пра Беларусь: «А што кепскага, каб мы засталіся?»