Пра гэта пішуць «Кавказ.Реалии» са спасылкай на самога Хасана Халітава.
Хасан Халітаў сьцьвярджае, што сям’я не кантактуе зь ім наўпрост з прычыны ягонай апазыцыйнай дзейнасьці і рэгулярных выступаў у сацсетках супраць Кадырава, таму пра выкраданьні родных ён даведаўся ад аднавяскоўцаў і ананімных блогераў.
Паводле ягонай інфармацыі, сваякі знаходзяцца ў Ачхой-Мартанаўскім РАУС ужо суткі. «Ім нічога не прадʼяўляюць, іх ізалявалі ад усіх. Празь іх хочуць націснуць на мяне, спалохаць. Але я ад сваіх словаў не адмаўляюся. Кадыраў — галоўны сатана Чачэнскай Рэспублікі, — кажа ён. — Навошта ім мае родныя? Яны б і самі з задавальненьнем мяне б спынілі, каб я больш не выступаў. Няхай сілавікі разьбіраюцца са мной, паспрабуюць мяне забіць або выкрасьці. Мяне перасьледуйце, пакіньце сваякоў. Яны не ўхваляюць маю дзейнасьць. А калі я зараз буду маўчаць, лічы, я сам забіў сваіх родных».
Выкраданьне родных Хасан Халітаў зьвязвае са зьбіцьцём невядомымі ў Стамбуле прыхільніка Кадырава. «Я адправіў у групу Security Turkey у Тэлеграме фота некалькіх, па маёй інфармацыі, кадыраўцаў, якіх бачыў у сваім раёне. Відавочна, не для дабра яны сюды прыехалі. Тут шмат людзей з Чачэніі, у якіх сваякоў выкрадалі, катавалі, забіралі і гвалтавалі іх жонак. На мяне таксама спрабавалі рабіць замах. Яны не супакояцца, пакуль не забʼюць. І пасьля маёй публікацыі хлопцы знайшлі гэтага кадыраўца, пагаварылі зь ім. Ён сказаў, што ні пра што не шкадуе, кажучы пра сваю працу ў сілавым ведамстве. І тады яго зьбілі», — кажа Хасан Халітаў.
Халітаў зьвярнуўся ў праваабарончую арганізацыю «Камітэт супраць катаваньняў» са скаргай на выкраданьне сваякоў.
Таксама пра выкраданьні ў вёсцы Самашкі сваіх родных, бацькі і трох братоў, у тым ліку непаўналетняга, паведаміў Ільман Мамакаеў, які жыве ў Эўропе. Ён кажа, што ягонага 73-гадовага бацьку адпусьцілі да вечара 4 верасьня, але папярэдне згалілі яму вусы ў знак зьнявагі. Астатніх ягоных сямейнікаў трымаюць у паліцыі.
«Сваякі зьбітага чалавека ўсе прыйшлі ў нашу сямʼю. ЧГТРК уключылі камэры, прывялі Хамзата і Імрана, малодшых маіх братоў, і бацьку, і прымусілі гаварыць, што яны адмаўляюцца ад Алі, яшчэ аднаго брата, які жыве ў Турэччыне. Сам ён кажа, што ня мае адносінаў да нападу», — сказаў Мамакаеў.
У Турэччыне некалькі ўраджэнцаў Чачэніі абʼядналіся, каб засьцерагчы сябе і сваіх землякоў ад кадыраўцаў і супрацоўнікаў расейскіх спэцслужбаў. Для абмену інфармацыяй паміж прадстаўнікамі дыяспары яны стварылі тэлеграм-канал Security Turkey, дзе прапануюць дзяліцца дадзенымі пра сілавікоў, якія прыбываюць з Чачэніі, і пра мэты іх прыездаў. Шостага верасьня на гэтым канале зьявілася відэа зьбіцьця чачэнца ў Стамбуле, дзе сьцьвярджаецца, што ён служыў у сілавых структурах Чачэніі. Ён, як паказана ў тытрах, уступаў у Турэччыне ў кантакты з чачэнцамі, якія жадаюць вярнуцца на радзіму, і абяцаў вырашыць іх праблемы. Па прыезьдзе ў Чачэнію іх затрымлівалі, пішуць «Кавказ.Реалии».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Чачэнскія сілавікі выкралі дзяўчыну, якая ўцякла зь сям’і ад зьбіцця, і вярнулі яе родным. Відэа