У Афганістане ісламісты руху «Талібан» адкрылі агонь у паветра для разгону акцыі пратэсту перад пасольствам Пакістану ў Кабуле. Пра гэта паведамляе AFP.
Паводле зьвестак СМІ, перад будынкам пакістанскай дыпмісіі сабраліся каля 70 чалавек. Сярод іх было шмат жанчын. Яны выкрыквалі лёзунгі з асуджэньнем дзеяньняў Пакістану ў дачыненьні да Афганістану.
Мясцовая прэса зьвяртае ўвагу, што пратэст праходзіць на фоне візыту ў Кабул кіраўніка міжведамаснай выведкі Пакістану Фаіза Хаміда. Ён прыбыў у краіну на запрашэньне талібаў для абмеркаваньня ўзаемаадносінаў дзьвюх краінаў.
Днямі «Талібан» абвясьціў пра перамогу над сіламі супраціву ў Панджшэрскай даліне на поўначы краіны. Апазыцыя ў Панджшэры гэтыя зьвесткі абвергла, абвінаваціўшы Пакістан у вайсковай і фінансавай падтрымцы талібаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Мэркель выступіла за пачатак перамоваў з талібамі- Талібы захапілі Кабул 15 жніўня. Прэзыдэнт Афганістану Ашраф Гані пакінуў краіну. У пэрыяд свайго папярэдняга праўленьня ў Афганістане, з 1996 па 2001 год, «Талібан» прытрымліваўся строгай вэрсіі шарыяту. У краіне былі абмежаваныя многія палітычныя правы, асноўныя свабоды, перш за ўсё жорсткія правілы дзейнічалі ў адносінах да жанчын і дзяўчат.
- Цяпер талібы заяўляюць, што будуць выконваць правы чалавека, але многія афганцы кажуць, што давяраць ісламістам нельга. Афганскія жанчыны паведамляюць пра ціск і парушэньні сваіх правоў з боку талібаў.