Праз пандэмію на Кубе школы практычна не адкрываліся з сакавіка 2020 году. Новы навучальны год пачаўся ў краіне 6 верасьня. Выкладаньне вядзецца праз тэлебачаньне, бо ў большасьці сем’яў няма доступу ў інтэрнэт. Кубінскія ўлады чакаюць, што школы будуць адчыняцца пакрокава з кастрычніка, калі да гэтага часу ўсе дзеці і падлеткі будуць вакцынаваныя.
Куба ня стала ані закупляць імпартныя вакцыны, ані ўдзельнічаць у праграме дапамогі COVAX, у рамках якой бедныя краіны могуць атрымаць прэпараты для барацьбы з каранавірусам. Вакцына Abdala, па дадзеных кубінскіх распрацоўшчыкаў, пры выпрабаваньнях паказала эфэктыўнасьць больш за 92 адсоткі, прэпарат Soberana — 62 адсоткі.
У апошнія месяцы на Кубе назіраецца ўсплёск захворваньня на каранавірус. З 5700 сьмерцяў ад COVID-19 прыкладна палова здарылася ў мінулым жніўні. Ад пачатку пандэміі ў краіне выяўлена больш за 650 тысяч выпадкаў заражэньня каранавірусам, зь іх 95 тысяч прыпадае на дзяцей і падлеткаў.
У большасьці краін сьвету вакцынацыя ўхваленая для дзяцей з 12 гадоў. Раней аб плянах рабіць прышчэпкі ад COVID-19 малым дзецям паведамлялі Кітай, Аб’яднаныя Арабскія Эміраты і Вэнэсуэла. У Чылі 6 верасьня кітайскі прэпарат Sinovac ухвалілі для вакцынацыі дзяцей ад шасьці гадоў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Печах загінуў вайсковец, другі за 10 месяцаў