Літоўскія ўлады вырашылі выслаць з краіны аднаго нелегальнага мігранта, матывуючы такое рашэньне тым, што ён нясе пагрозу бясьпецы краіны і можа быць зьвязаны з тэрарыстычнымі арганізацыямі, паведамляе delfi.
«Мы атрымалі інфармацыю, што гэты чалавек можа несьці пагрозу бясьпецы краіны і грамадзкаму парадку. Таму было прынята рашэньне выслаць яго з Літвы і забараніць яму ўезд у нашы краіну», — сказала кіраўнік Дэпартамэнту міграцыі Эвеліна Гудзінскайте. Яна не ўдакладняла, якую пагрозу нясе гэты чалавек.
Намесьнік міністра ўнутраных спраў Арнольдас Абрамавічус сказаў TV3, што «магчыма» гэты чалавек мае сувязі з тэрарыстычнымі арганізацыямі. Паводле яго, гэты чалавек цяпер знаходзіцца ў Літве, а Ірак павінен супрацоўнічаць у справе яго вяртаньня на радзіму. «Пытаньне ад’езду гэтага чалавека — пытаньне часу», — сказаў Абрамавічус.
- Сёлета незаконна мяжу Літвы зь Беларусі перайшлі больш 4100 мігрантаў. Вільня абвінавачвае мінскі рэжым у гібрыднай атацы. У Літве ў сувязі з міграцыйным крызісам на памежжы абвясьцілі надзвычайную сытуацыю.
- 6 верасьня польскія памежнікі зафіксавалі 191 спробу незаконнага пранікненьня на тэрыторыю Польшчы, 17 мігрантаў затрымалі. Латвійскія памежнікі спынілі 24 спробы. Літоўскія — каля трыццаці.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Кібэрпартызаны супраць сілавікоў: вайна абвастраецца