Сайт Беларускага Радыё Рацыя з 6 верасьня недаступны ў Беларусі паводле рашэньня Міністэрства інфармацыі.
На Радыё Рацыя ўжо 15 гадоў выходзяць дзясяткі праграмаў, прысьвечаных беларускай гісторыі, музыцы, літаратуры: «Жыцьцё зь літаратурай» Алеся Аркуша, «Вочы ў вочы» Барыса Пятровіча, «Фольк-брама» і «Радыё Тузін» з Алегам Хаменкам, «Казкі малышам» ды іншыя, піша БАЖ.
Сайт racyja.com дасяжны ў Беларусі праз VPN. У Горадні і Берасьці Радыё Рацыя можна слухаць на FM.
Таксама 6 верасьня ў Беларусі перастала адкрывацца люстэрка Радыё Свабода svaboda.azureedge.net. На сайт Свабоды можна зайсьці празь іншае люстэрка — svaboda.global.ssl.fastly.net.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Media-Pоlesye аднавіла доступ да сайту праз VPN, але ня мае ілюзій, што гэта надоўгаПаводле БАЖ, ад жніўня 2020 году ў Беларусі:
- 497 затрыманьняў журналістаў, 119 зь якіх скончыліся арыштамі;
- 68 фактаў гвалту і раненьняў журналістаў;
- па стане на раніцу 18 жніўня 29 прадстаўнікоў мэдыя ў няволі, а пад крымінальным перасьледам ня меней за 50 мэдыяспэцыялістаў;
- колькасьць ператрусаў і аглядаў у кватэрах журналістаў і рэдакцый з улікам візыту да БелаПАН дасягнула 140;
- заблякавана больш за 100 грамадзка-палітычных сайтаў і мэдыя;
- 10 друкаваных выданьняў вымушана спынілі выпуск.