У Расеі два кандыдаты ў дэпутаты памянялі прозьвішчы і зьнешнасьць, каб прыпадобніцца да трэцяга

Выбарчы плякат з трыма Барысамі Вішнеўскімі

Выбарнікам у Пецярбургу давядзецца выбіраць адразу з трох Барысаў Вішнеўскіх, якія нават вонкава паміж сабой падобныя. Адзін зь іх — апазыцыйны палітык і дэпутат гарадзкога заканадаўчага сходу мінулых гадоў, а два іншыя кандыдаты сталі Вішнеўскімі зусім нядаўна.

Перад выбарамі два «новыя» Вішнеўскія зьмянілі імёны і прозьвішчы ды нават адпусьцілі бароды і вусы, каб стаць вонкава падобнымі да кандыдата ад партыі «Яблоко» Барыса Вішнеўскага, які ўжо назваў тое, што адбываецца, «палітычным махлярствам».

У выбарчых камітэтах Санкт-Пецярбургу падчас галасаваньня 17–19 верасьня выбарнікі ўбачаць плякат, на якім будуць адразу тры Вішнеўскія. Разам з дэпутатам Заканадаўчага сходу ад «Яблока» Барысам Лазаравічам Вішнеўскім на плякаце яшчэ двое Вішнеўскіх — Барыс Іванавіч і Барыс Генадзевіч.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Кандыдатка ў Дзярждуму РФ выйшла на пікет да амбасады Беларусі ў Маскве. ФОТА

«Новыя» Вішнеўскія да выбараў мелі зусім іншыя імёны і прозьвішчы. Барыс Іванавіч Вішнеўскі быў Віктарам Быкавым, а Барыс Генадзевіч — Аляксеем Шмялёвым.

Гісторыяй з двайнікамі Вішнеўскага абурылася нават кіраўніца Цэнтральнай выбарчай камісіі Эла Памфілава, назваўшы яе «зьдзекам з выбарнікаў». Яна заявіла, што ініцыюе папраўкі ў закон аб выбарах, каб такія сытуацыі не паўтараліся.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Расейскі суд забараніў Google і Yandex паказваць праект Навальнага