У жніўні яна выходзіла на акцыю ў падтрымку журналістаў ля будынка ФСБ на Лубянцы, дзе стаяла ў пікеце з плякатам «Зноў путч».
Марына Літвіновіч — адна з самых вядомых расейскіх праваабаронцаў. Сёлета яе выключылі з Грамадзкай назіральнай камісіі Масквы — гэта грамадзкі орган Расеі, які кантралюе выкананьне правоў чалавека ў месцах зьняволеньня. У якасьці прычыны назвалі тое, што яна нібыта парушыла закон, расказаўшы журналістам пра ўмовы ўтрыманьня паплечніцы Навальнага Любові Собаль у ізалятары. Пасьля гэтага яна заявіла пра намер балятавацца ў дэпутаты, і зьезд партыі «Яблоко» вылучыў яе як непартыйнага кандыдата на выбарах у Дзярждуму па аднамандатнай акрузе ў Маскве.
Літвіновіч — журналістка і паліттэхноляг. У 1990-я яна была дырэктаркай Фонду эфэктыўнай палітыкі і займалася першай перадвыбарнай кампаніяй тады яшчэ нікому не вядомага Ўладзіміра Пуціна. У 2002 годзе Літвіновіч пакінула арганізацыю. Пазьней Літвіновіч працавала з дэмакратычнымі кандыдатамі Гары Каспаравым і Міхаілам Хадаркоўскім. У 2017 годзе была ў перадвыбарным штабе тэлевядоўцы Ксеніі Сабчак.
У выбарчай праграме Літвіновіч абяцае змагацца з карупцыяй і нязьменнасьцю ўлады, а таксама працаваць над «гуманізацыяй паліцыі».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пуцін і Лукашэнка ўвайшлі ў абноўлены сьпіс «ворагаў свабоды прэсы»