Сын Кадафі выйшаў з турмы ў Трыпалі

Саадзі Кадафі

Сына былога лібійскага лідэра Муамара Кадафі, забітага ў 2011 годзе падчас масавых пратэстаў апазыцыі, Саадзі, вызвалілі з турмы ў сталіцы краіны Трыпалі.

Пра гэта паведаміла агенцтва AFP са спасылкай на крыніцу ў лібійскім Міністэрстве юстыцыі. Кадафі вызвалілі ў адпаведнасьці з рэкамэндацыяй генпракурора.

Між тым, па дадзеных шэрагу мясцовых СМІ, Саадзі Кадафі ўжо вылецеў у Турэччыну. Інфармацыйны партал Al-Marsad перадаў, што ўлады ў Трыпалі дазволілі вылет у Турцыю пасьля вынясеньня апраўдальнага прысуду. Па дадзеных Al-Marsad, гэты вэрдыкт па выніках звароту генпракурора ў прэзыдэнцкую раду быў прыняты яшчэ ў чэрвені.

Саадзі Кадафі зьбег у Нігер пасьля паўстаньня восеньню 2011 года, у выніку якога зрынулі ягонага бацьку. Пазьней, у 2014 годзе, маладога чалавека экстрадавалі ў Лібію. Былы прафэсійны футбаліст утрымліваўся ў турме Трыпалі. Ён абвінавачваўся ў злачынствах супраць дэманстрантаў у 2011 годзе і ў забойстве ў 2005 годзе лібійскага футбольнага трэнэра Башыра аль-Раяну. У красавіку 2018 году апэляцыйны суд апраўдаў Кадафі-малодшага па абвінавачваньні ў забойстве апошняга.

Суд у Лібіі 28 ліпеня 2015 году вынес сьмяротны вырак другому сыну экс-дыктатара, Саіфу аль-Іслама, а таксама яшчэ васьмі чалавекам, якія ўваходзілі ў кола набліжаных Муамара Кадафі. Усе яны былі прызнаныя вінаватымі ў злачынствах, учыненых падчас паўстаньня супраць рэжыму Кадафі, уключаючы забойства і карупцыю. Аднак прысуд ня быў прыведзены ў выкананьне.

Саіф аль-Іслам знаходзіцца пад хатнім арыштам, нягледзячы на тое, што зь яго пазьней афіцыйна зьнялі ўсе абвінавачваньні. Між тым у мясцовых СМІ актыўна абмяркоўваецца інфармацыя аб магчымым вылучэньні аль-Іслама на пасаду прэзыдэнта краіны на прызначаных на 24 сьнежня ў Лібіі выбарах.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Марыю Калесьнікаву і Максіма Знака асудзілі на 11 і 10 гадоў калёніі адпаведна