Амэрыканскі генэрал: у Афганістане, хутчэй за ўсё, пачнецца грамадзянская вайна

Генэрал Марк Мілі

У Афганістане, хутчэй за ўсё, выбухне грамадзянская вайна, заявіў кіраўнік Аб’яднанага камітэту начальнікаў штабоў узброеных сіл ЗША, папярэдзіўшы, што ў гэтых умовах у краіне могуць адрадзіцца тэрарыстычныя групоўкі.

«Паводле маіх вайсковых ацэнак, сытуацыя, хутчэй за ўсё, перарасьце ў грамадзянскую вайну», — заявіў генэрал Марк Мілі тэлекампаніі Fox News.

Ён выказаў сумнеў, што Талібан, які пакуль не абвясьціў складу ўраду, зможа кансалідаваць уладу і ўсталяваць эфэктыўнае кіраваньне.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Талібы зноў адклалі абвяшчэньне складу новага ўраду Афганістану

«Думаю, што, па меншай меры, ёсьць вельмі высокая верагоднасьць больш шырокай грамадзянскай вайны, і гэта, у сваю чаргу, прывядзе да ўмоў, якія могуць прывесьці да аднаўленьня „Аль-Каіды“ або ўздыму „ісламскай дзяржавы“ або іншых… тэрарыстычных груповак», — цытуе генэрала «Голас Амэрыкі».

«Вельмі верагодна, што ўзьнікнуць умовы, пры якіх адбудзецца адраджэньне тэрарызму ў гэтым рэгіёне ў бліжэйшыя 12-24-36 месяцаў», — заявіў генэрал Мілі, выступаючы на канале Fox News.

  • ЗША ўвайшлі ў Афганістан і зрынулі першы рэжым талібаў у 2001 годзе пасьля тэрактаў 11 верасьня, учыненых «Аль-Каідай», якая знайшла прытулак у гэтай краіне. 30 жніўня 2021 году ЗША завяршылі эвакуацыю сваіх войскаў з Афганістану. Уся тэрыторыя краіны, за выняткам правінцыі Панджшэр на поўначы, кантралюецца Талібанам. Заходнія ўрады асьцерагаюцца, што Афганістан можа зноў стаць прытулкам для экстрэмістаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Байдэн назваў «надзвычайным посьпехам» вынікі эвакуацыі з Кабулу