Пра гэта паведамляе АР.
Цырымонія, заплянаваная на нядзелю ў Цэтыне, выклікала гнеў праціўнікаў сэрбскай царквы ў Чарнагорыі, якая абвясьціла незалежнасьць ад суседняй Сэрбіі ў 2006 годзе.
У суботу сотні пратэстоўцаў сутыкнуліся з паліцыяй у Цэтыне і на кароткі час зьнялі мэталічную згароду вакол кляштара, дзе павінная адбыцца інаўгурацыя мітрапаліта Яанікія. Чарнагорскае дзяржаўнае тэлебачаньне RTCG паведаміла, што пратэстоўцы прарвалі паліцэйскую блякаду на ўезьдзе ў Цэтыне і закідалі іх камянямі з крыкамі «Гэта Чарнагорыя!» і «Гэта ня Сэрбія!»


Чарнагорцы застаюцца глыбока падзеленымі адносна сувязяў сваёй краіны з суседняй Сэрбіяй і з Сэрбскай праваслаўнай царквой, якая зьяўляецца галоўным рэлігійным інстытутам краіны. Каля 30% з 620 тысячаў жыхароў Чарнагорыі лічаць сябе сэрбамі.
Тысячы людзей пратэставалі ў мінулым месяцы, патрабуючы, каб інаўгурацыя адбылася ў іншым месцы. Царква адмовілася мяняць свае пляны.
З таго часу, як Чарнагорыя аддзялілася ад Сэрбіі, чарнагорцы, якія выступаюць за незалежнасьць, выступаюць за ўтварэньне праваслаўнай царквы, асобнай ад сэрбскай.
Каля царквы сьвятога Савы ў сталіцы Чарнагорыі Падгорыцы, 4 верасьня 2021
Улады Чарнагорыі заклікалі да спакою падчас цырымоніяў выхаднога дня, якія пачынаюцца з прыбыцьця ў суботу кіраўніка Сэрбскай праваслаўнай царквы патрыярха Парфірыя ў Падгорыцу, сталіцу Чарнагорыі.
Парфірый павінен прысутнічаць на нядзельнай інаўгурацыі Яанакія, папярэднік якога Амфілохій памёр у кастрычніку летась пасьля заражэньня COVID-19.