Сайт Media-Pоlesye перастаў адкрывацца зь вечара 2 верасьня. Рэдакцыя даведалася ад хостэра, што тэхнічных збояў не было, а рэсурс заблякаваны з боку правайдэра. Прычыну хостэр параіў шукаць у Міністэрстве інфармацыі.
Міністэрства інфармацыі на запыт рэдакцыі пакуль не адказала.
Цяпер тэхнічная служба аднавіла працу сайту. «Але мы ня маем ілюзій, што гэта надоўга», — адзначыла рэдакцыя.
Трапіць на сайт у Беларусі можна толькі праз VPN. Мяркуючы па тым, што рэсурс знаходзіцца ў дамэннай зоне .by, ва ўладаў застаецца магчымасьць ня толькі заблякаваць яго, але і адключыць. Падобным чынам ліквідавалі сайты парталу Tut.by і агенцыі «БелаПАН».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Улады хочуць заблякаваць «экстрэмісцкія» тэлеграм-каналы. Ці магчыма гэта без блякаваньня Telegram?Media-Pоlesye выходзіць з чэрвеня 2012 году, зьяўляецца адным зь нямногіх сайтаў у Беларусі, якія маюць статус сеткавага СМІ. Паводле выданьня, іх наведваюць каля 30-40 тысяч карыстальнікаў за дзень.
У ліпені дома ў галоўнага рэдактара Святланы Гарды, ключавых супрацоўнікаў і ў офісе «Мэдыя-Палесься» прайшлі ператрусы. Тэхніку і іншыя носьбіты інфармацыі да гэтага часу не вярнулі.
У канцы ліпеня за публікацыю пра так званую «пінскую справу» судзьдзя Братанава аштрафавала «Мэдыя-Палесьсе» на 5771 рубель.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Статус сеціўнага СМІ даў нам толькі праблемы». Размова з галоўнай рэдактаркай парталу Media-Polesye Сьвятланай Гардай