Журналістка Яніна Мельнікава ня выйшла на волю пасьля допыту

Яніна Мельнікава

Рэдактарка «Зялёнага парталу» Яніна Мельнікава, у якой сёньня раніцай прайшоў ператрус, ня выйшла на волю пасьля допыту

Пра гэта паведаміў Тэлеграм-канал Беларускай асацыяцыі журналістаў.

«Верагодна, Мельнікаву затрымалі на 72 гадзіны, але дакладнай інфармацыі няма» — паведамляе канал.

Сёньня раніцай Мельнікава пасьпела паведаміць у сацсетках, што да яе прыйшлі з ператрусам. Як адзначае «Эўрарадыё», паводле неафіцыйнай інфармацыі сілавікі выбілі дзьверы ў яе кватэры. Пасьля ператрусу журналістку забралі на допыт.

«Зялёны партал» — мэдыяпраект «Зялёнай сеткі», супольнасьці экалягічных арганізацый, ініцыятыў, экспэртаў і актывістаў, аб’яднаных прынцыпамі добраахвотнасьці, партнэрства і раўнапраўя.

Місія «Зялёнай сеткі» — дасягненьне гармоніі паміж чалавекам і прыродай праз устойлівае разьвіцьцё і моцны зялёны рух.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ператрусы ў актывістак экалягічнага руху Ірыны Сухій і Яніны Мельнікавай

Таксама стала вядома пра ператрус у кватэры, дзе жыве сябра рады грамадзкага аб’яднаньня «Экадом», актывістка Беларускай антыядзернай кампаніі Ірына Сухій.

31 жніўня Вярхоўны суд ліквідаваў «Экадом» на пазоў Міністэрства юстыцыі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ліквідавалі экалягічную арганізацыю «Экадом»