У пятніцу ў Новы Арлеан (Люізіяна) вылеціць прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн, каб вывучыць шкоду, нанесеную штату стыхіяй.
У штаце Нью-Джэрзі ахвярамі сталі прынамсі 23 чалавекі. Пры гэтым, паводле мясцовых уладаў, гэтая лічба можа павялічыцца, бо шмат хто зьнік бязь вестак. Губэрнатар штату Філ Мэрфі сказаў, што большасьць загінулых — гэта тыя, хто знаходзіўся ў сваіх аўтамабілях, калі на іх нечакана абрынуліся патокі вады.
Ураган «Іда» прывёў да маштабных паводак і ў Нью-Ёрку, дзе, паводле папярэдніх зьвестак, загінулі ня менш як 12 чалавек. У горадзе прыпынілі працу ўсе лініі мэтрапалітэну. Мэр Нью-Ёрку Біл дэ Блазіё заявіў, што ў горадзе ратавальнікаў чакаюць сотні чалавек.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: На ўзьбярэжжа Луізіяны абрынуўся самы магутны за 150 гадоў ураган. ФОТАУ некалькіх штатах абвешчана надзвычайнае становішча, вядуцца ратавальныя і аднаўленчыя працы.
Раней у чацьвер прэзыдэнт ЗША Байдэн падзякаваў ратавальнікам, якія працавалі ў ноч, калі лівень абрынуўся на Нью-Ёрк, і паведаміў, што Фэдэральнае агенцтва па кіраваньні ў надзвычайных сытуацыях гатовае даць пацярпелым штатам дзяржаўную падтрымку. Байдэн плянуе ў пятніцу вылецець у Люізіяну, дзе мае сустрэцца з кіраўніком штату і мясцовымі ўладамі раёнаў, якія найбольш пацярпелі ад стыхіі.
На гэты час у ЗША каля 1,2 мільёна чалавек ня маюць доступу да электрычнасьці, больш за 900 тысяч зь іх — у Люізіяне.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Паводка ў Нью-Ёрку: загінулі 9 чалавек, затоплена мэтро, у горадзе надзвычайны рэжым. ВІДЭАРаней на Люізіяну абрынуўся ўраган «Іда»: найбуйнейшы горад штата Новы Арлеан быў цалкам абясточаны, аднаўленьне энэргазабесьпячэньня можа заняць некалькі тыдняў. Вецер зь лёгкасьцю вырываў дрэвы і зрываў дахі.
Сыноптыкі характарызавалі «Іду» як ураган чацьвёртай катэгорыі зь пяці магчымых — хуткасьць ветру дасягала 240 кілямэтраў у гадзіну. Гэты паказчык вышэйшы за хуткасьць ветру ўрагану «Катрына» ў 2005 годзе, які меў трэцюю катэгорыю і лічыцца самым разбуральным у гісторыі ЗША. Тады ад наступстваў урагану загінулі больш за 1800 чалавек.