На сустрэчы са студэнтамі і выкладчыкамі Стэнфардзкага ўнівэрсытэту ў Каліфорніі да ўкраінскага прэзыдэнта зьвярнулася лідэрка Асацыяцыі беларусаў Амэрыкі Надзея Нортан, падзякавала яму за падтрымку Беларусі і папрасіла парадаў для беларусаў, каб ня страціць веры ў перамены.
«Вы зараз зьвярнуліся на мове сваёй дзяржавы. І я вас цудоўна разумею. Гэта сьведчыць пра тое, што ў нас рэальна агульная гісторыя і сапраўды мы адзін аднаго разумеем. Я зараз ня толькі пра нас з вамі, а і пра нашыя народы», — адразу адрэагаваў Зяленскі на беларускую мову.
Паводле яго, менавіта падобныя мовы і агульная гісторыя дазваляюць дакладна зразумець, што цяпер адбываецца ў Беларусі.
«Я ня зычу вам праходзіць той шлях, якім прайшла Ўкраіна, людзі Ўкраіны, сем’і, якія аддалі сваё жыцьцё ў барацьбе за свабоду свайго народу, за свабоду сваёй цудоўнай дзяржавы. Я зычу вам выніку, таго самага, які атрымала Ўкраіна — яна вольная, дэмакратычная, вельмі свабодная. Вы ж бачыце, наколькі яна свабодная, што цяпер я выступаю тут на адкрытай прасторы. І я вам гэтага зычу. Выжыць у гэтым, і гэта будзе ваш народ, ваша вера, ваша мова, ваша жыцьцё, ваша мастацтва, мацнейшае за любы ўрад, а ўрадаў вечных не бывае. Жыве Беларусь!», — заявіў Уладзімір Зяленскі.
Уладзімір Зяленскі з 31 жніўня знаходзіцца ў США з працоўным візытам.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Нью-Ёрк падтрымлівае «Беларуськалій», а Сан-Францыска — Жабінку. Як беларусы Амэрыкі дапамагаюць землякам на радзіме