Эдуарда Пальчыса затрымалі летась 27 верасьня ў Менску. Сьпярша яго арыштавалі на 30 дзён за ўдзел у несанкцыянаваным мітынгу 24 траўня каля Камароўскага рынку. І ўжо за кратамі завялі крымінальную справу паводле 342-га артыкулу — за арганізацыю альбо актыўны ўдзел у групавых дзеяньнях, якія груба парушаюць грамадзкі парадак. Ягоная цяжарная жонка выехала зь Беларусі і нарадзіла за мяжой дачку. Праваабаронцы прызналі Пальчыса палітычным вязьнем. Улады ў красавіку прызналі ягоны тэлеграм-канал экстрэмісцкім. Эдуард даў кароткае інтэрвію з жодзінскай сьледчай турмы «Нашай ніве».
— Ці чакаў затрыманьня?
— Ужо ў ліпені я разумеў, што калі па мяне прыйдуць, паеду па сур’ёзнай справе, бо меў ужо адміністрацыйку.
— Ці чакаў такой жорсткасьці ад беларускай сыстэмы?
— Гэтая сыстэма — нашчадак СССР. Таму нічога новага ў гэтым няма. Але, у прынцыпе, падсьвядома хацелася верыць, што чалавечнага ў ёй больш, чым бесчалавечнага.
— Чаму ня зьехаў раней?
— Наконт ад’езду — глябальна не было ў плянах на 2020-ы ўцякаць куды-небудзь. Я ўвогуле плянаваў правесьці гэты год спакойна.
— Што было самым цяжкім за гэты год пад вартай?
— Нават праз тэлевізар разумею, што TikTok захоплівае сьвет.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Падобная да мяне, але прыгожая». Палітвязень Эдуард Пальчыс нарэшце ўбачыў фота маленькай дачкі— Ці зьмяніліся нейкія погляды за гэты час?
— Кардынальных перамен няма.
— Што дапамагае трымацца?
— У мяне выдатная жонка, сям’я, сябры. Зь імі трымацца можна хоць 10 гадоў.
— Як не звар’яцець за кратамі?
— Калі ўспрымаць камэру як манастырскую кельлю і больш чытаць, то мазгі заўсёды будуць у парадку.
— Чаго не хапае?
— У першую чаргу — інфармацыі. Інфармацыйная блякада. Таксама не хапае стасункаў з жонкай і дачкой.
— Ці схуднеў ты за гэты час?
— Трошачкі. Але адвакат кажа, што вельмі добра схуднеў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Суд прызнаў «экстрэмісцкім» тэлеграм-канал Palchys— Ці не плянуеш пісаць нешта? Можа быць, кнігу?
— Думкі пра кнігу былі. Але калі выбіраеш паміж напісаньнем кнігі і ўкраінскім камэдыйным ток-шоў, то я выбіраю ток-шоў.
— Як даходзяць лісты?
— Да красавіка 2021-га з поштай усё было больш-менш нармальна. Даходзілі лісты ад чужых людзей, адпраўляў свае таксама нармальна. З красавіка лісты амаль не прыходзяць. Хіба толькі ад сваякоў, і тое ня ўсе. Калі я не адказаў на ваш ліст — значыць, ён да мяне не дайшоў.
— Ці былі прапановы аб пакаяльным інтэрвію ці напісаць прашэньне аб памілаваньні?
— Інтэрвію не прапаноўвалі. Прыйшлі два лісты ад Васкрасенскага. Але я нешта пакуль не зразумеў, хто гэта і чаму ён мне піша.
— Як ты сябе ўспрымаеш: ахвярай ці героем?
— Улічваючы, што я ў краіне, дзе ўсіх саджаюць, то ўспрымаю сябе звычайным грамадзянінам.
— Ці не расчараваны, што зьмены ў краіне не наступілі так хутка, як чакалася?
— Я нават радуюся, што ўсё зацягнулася. Бо да 2020-га ў беларусаў у палітычным сэнсе было шмат наіўнага і дзіцячага. Калі б усё было хутка і проста, то нацыя б не зрабіла важных высноў, якія, я спадзяюся, яна зрабіла цяпер. Усё сапраўднае і вартае даецца праз выпрабаваньні. Таму мы і перажываем унікальны час, хай і цяжкі. Гэта трэба выкарыстоўваць для ўсьведамленьня сапраўднага і добрага, будучага і мінулага.
— Чаго ты чакаеш?
— Я чакаю, што будзе закрыты суд і рэальны тэрмін. Нават зачакаўся — калі ж ужо калёнія?
— Ці шкадуеш пра што-небудзь?
— Шкадую, што на Валадарцы няма глязураваных сыркоў на атаварцы. Усё будзе добра! А самыя смачныя — бярозаўскія сыркі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ігар Лосік папрасіў Папу Рымскага «заклікаць спыніцца гэтых страшных людзей» ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Гомлі глуханямога рабочага асудзілі на 2 гады калёніі за «абразу прэзыдэнта» і «заклікі да гвалту»