ЗША падтрымліваюць сувэрэнітэт і тэрытарыяльную цэласнасьць Украіны і пацьвярджаюць падтрымку міжнародных намаганьняў, накіраваных на ўрэгуляваньне канфлікту на паўднёвым усходзе Украіны, гаворыцца ў сумеснай заяве дзьвюх краін з нагоды перамоваў Уладзіміра Зяленскага і Джо Байдэна ў Белым доме.
Тэкст заявы быў апублікаваны на сайце Офіса ўкраінскага прэзыдэнта 1 верасьня.
ЗША і Украіна ў сумеснай заяве заклікалі «Расею выканаць абавязаньні па спыненьні агню на ўсходзе Украіны і па-сапраўднаму ўдзельнічаць у намаганьнях па ўрэгуляваньні канфлікту для завяршэньня вайны».
У дакумэнце таксама падкрэсьліваецца, што ЗША падтрымліваюць права Ўкраіны выбіраць свой зьнешнепалітычны курс, у тым ліку імкненьне ўступіць у НАТО.
Акрамя таго, ЗША дэкляруюць сваю адданасьць дапамозе Ўкраіне ў правядзеньні рэформаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Байдэн і Зяленскі правялі перамовы ў Белым доме