Многія палітыкі і камэнтатары ў ЗША крытыкавалі адміністрацыю Байдэна за тое, як была праведзена эвакуацыя, і за рашэньне не падаўжаць яе тэрмін і завяршыць да 31 жніўня. Яны згадвалі сцэны хаосу ў аэрапорце Кабулу, гібель дзясяткаў афганцаў і тое, што некаторыя грамадзяне ЗША не змаглі трапіць на эвакуацыйныя рэйсы.
Байдэн у сваім выступе адхіліў крытыку. Ён заявіў, што ў выніку апэрацыі з Кабулу ўсяго за 16 дзён было вывезена больш за 120 тысяч чалавек, у тым ліку звыш 5 тысяч амэрыканцаў, а таксама грамадзяне іншых краін і афганцы, якім была неабходная абарона ад талібаў, якія ўзялі Афганістан пад кантроль.
Па словах Байдэна, эвакуацыя па паветры з Кабулу была апэрацыяй, якая не мела аналягаў у гісторыі па сваёй складанасьці і колькасьці эвакуаваных людзей. Прэзыдэнт ЗША высока ацаніў дзеяньні вайскоўцаў, дыпляматаў і ўсіх уцягнутых у гэтую апэрацыю. Ён адзначыў, што гэта была не ваенная апэрацыя, а гуманітарная, і назваў героямі 13 амэрыканскіх вайскоўцаў, якія загінулі за некалькі дзён да завяршэньня эвакуацыі ў выніку тэракту ў аэрапорце Кабулу.
Байдэн сказаў, што ЗША працягнуць дамагацца таго, каб усе, хто хоча пакінуць Афганістан, у тым ліку афганцы, якія маюць права ўезду ў Злучаныя Штаты, маглі гэта зрабіць. Ён нагадаў, што талібы далі абяцаньне не перашкаджаць іх выезду.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Чаго чакаць у Афганістане цяпер, калі амэрыканскія войскі пакінулі краіну. 4 пытаньні і адказыПрэзыдэнт ЗША зноў выступіў у абарону свайго рашэньня выконваць умовы пагадненьня аб вывадзе амэрыканскіх войскаў з Афганістану, якога дасягнула з талібамі адміністрацыя ягонага папярэдніка Дональда Трампа, і не працягваць тэрмін вываду войскаў. «Прыйшоў час скончыць гэтую вайну», — сказаў прэзыдэнт ЗША. Ён адзначыў, што галоўныя мэты Злучаных Штатаў у Афганістане былі дасягнутыя. Па словах Байдэна, краіна павінна засяродзіцца на барацьбе з новымі пагрозамі, якія, сярод іншага, зыходзяць ад Кітаю і Расеі.
Байдэн сказаў, што правы чалавека — у тым ліку жыхароў Афганістану — застаюцца адным з галоўных пытаньняў для Злучаных Штатаў, аднак, паводле яго, ЗША будуць змагацца за іх ня шляхам «бясконцых ваенных інтэрвэнцый», а дыпляматычным шляхам і выкарыстоўваючы эканамічныя рычагі. Па словах Байдэна, эпоха, калі ЗША спрабавалі сілавымі мэтадамі «перабудаваць іншыя краіны», завершана.
«Вайна ў Афганістане скончаная», — сказаў Байдэн, адзначыўшы, што ён выканаў сваё перадвыбарнае абяцаньне.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: ЗША канчаткова вывелі войскі з АфганістануАмэрыканскія войскі знаходзіліся ў Афганістане амаль 20 гадоў. Ваенная апэрацыя ў гэтай краіне пачалася неўзабаве пасьля тэрактаў 11 верасьня, арганізатарам якіх выступіў лідэр тэрарыстычнага руху «Аль-Каіда» Усама бін Ладэн, які жыў тады ў Афганістане. Акрамя «Аль-Каіды», праціўнікамі ЗША ў гэтай вайне доўгі час былі і талібы.
Апошні амэрыканскі самалёт пакінуў аэрапорт Кабулу 30 жніўня 2021 году. Пасьля гэтага прадстаўнікі «Талібану» абвясьцілі пра завяршэньне вайны і пра сваю «перамогу» ў ёй.