Пра гэта гаворыцца ў паведамленьні амбасады Беларусі ў Расеі, абнародаваным БЕЛТА.
«У сувязі зь не зусім карэктнай інтэрпрэтацыяй шэрагам СМІ словаў амбасадара Беларусі ў Расеі Ўладзімера Сямашкі ў рамках праведзенага візыту ў Варонескую вобласьць амбасада яшчэ раз удакладняе, што сумесная праца бакоў над саюзнымі праграмамі інтэграцыі працягваецца ў канструктыўным ключы. Яе вынікі будуць даложаныя кіраўнікам дзяржаў, якія абмяркуюць іх падчас асабістай сустрэчы 9 верасьня ў Маскве і прымуць рашэньне па далейшых кроках», — падкрэсьлілі ў амбасадзе.
Паводле ТАСС Сямашка сёньня заявіў: «Мы, дзякуй Богу, праз тры гады знаходзімся на фінішы, калі з 28 мапаў засталася адна. Апошнюю, я думаю, мы 7-га дацісьнем, і ўжо 9-га прэзыдэнты сустракаюцца ў Маскве, дзе будуць падпісаныя ўсе дарожныя мапы і мапы разьвіцьця паглыбленьня інтэграцыі».
Яшчэ раней прэсавы сакратар Ўладзіміра Пуціна Дзьмітры Пяскоў пракамэнтаваў словы Сямашкі досыць стрымана: «Я вам магу пацьвердзіць, што, сапраўды, на 9-га намечаны рабочы візыт прэзыдэнта Лукашэнкі ў Маскву. Адбудуцца перамовы двух прэзыдэнтаў, і два прэзыдэнты дадуць прэсавую канфэрэнцыю. Я не буду апярэджваць зьмест гэтай прэсавай канфэрэнцыі», — сказаў прадстаўнік Крамля.
Таксама Пяскоў, адказваючы на пытаньне аб праграме агульнай інтэграцыі РФ і Беларусі, заклікаў не забягаць наперад, а дачакацца заяваў кіраўнікоў дзьвюх дзяржаваў.
«Адзінае, што таксама хачу зьвярнуць вашую ўвагу на тое, што ўжо на працягу некалькіх гадоў урады дзьвюх краінаў з удзелам, дарэчы, кіраўнікоў дзяржаваў рабілі вельмі актыўныя намаганьні па ўзгадненьні вось гэтых праграмаў. Атрымалася істотна зрушыцца наперад; наколькі, як і ў чым, давайце ўсё ж такі дачакаемся кіраўнікоў дзяржаваў, ня будзем забягаць наперад», — сказаў Пяскоў журналістам.