Прэзыдэнт Польшчы падкрэсьліў, што «жнівеньскія пагадненьні» (так у Польшчы называюць дамову аб стварэньні «Салідарнасьці» паміж апазыцыяй і ўладай) далі пачатак унікальнаму палітычнаму руху, які з 1980 года ачоліў барацьбу палякаў з камуністычнай дыктатурай.
«У гэтыя дні нашыя думкі ня толькі з тымі, хто тады вёў доўгае змаганьне з рэжымам, але таксама і з тымі, хто сёньня па ўсім сьвеце змагаецца за сваю свабоду і элемэнтарныя чалавечыя правы. Перадусім нашыя думкі з вамі, дарагія беларускія сябры!», — сказаў Дуда.
Ён дадаў, што за апошні год многія беларусы знайшлі ў Польшчы абарону ад перасьледу і месца, каб працягваць сваю палітычную і эканамічную дзейнасьць.
«Я як прэзыдэнт Рэспублікі Польшча, хачу выразна вам гэта падкрэсьліць: пачувайцеся тут як дома. І Польшча будзе для вас домам так доўга, наколькі вам гэта будзе патрэбна. Мы ніколі ня спынімся падтрымліваць вас. Таксама як падтрымліваем палітычных вязьняў у Беларусі незалежна ад іх перакананьняў, веравызнаньня і нацыянальнасьці». — заявіў Дуда.
Польскі прэзыдэнт назваў існаваньне Беларусі ў непарушных межах адной з крыніцаў бясьпекі Польшчы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Зіма ваша — вясна наша». Што агульнага паміж беларускімі пратэстамі і польскай барацьбой супраць камуністаў