Дата дня
1 верасьня 1928 году нарадзіўся Расьціслаў Лапіцкі, адзін з кіраўнікоў паваеннага антысавецкага Супраціву 1940-х, ахвяра сталінскіх рэпрэсіяў.
Яшчэ й сёньня ў родных мясьцінах пра яго ходзяць паданьні. Мне вядомыя прыклады, калі, атрымаўшы на ўроку вольную тэму пра героя, на якога яны хацелі б стаць падобнымі, вучні пісалі пра Расьціслава Лапіцкага.
У паваенныя 1940-я ў Мядзельскай дзесяцігодцы не было вучня, таленавіцейшага за Расьціслава.
Ён сьпяваў і граў на тузіне інструмэнтаў, майстраваў ровары і радыёпрыймачы, зрабіў электрамашыну, якой спрабаваў лекаваць людзей ад розных хваробаў, маляваў плякаты для ўрокаў батанікі й заалёгіі.
Аднак большасьць настаўнікаў не ганарылася Расьціславам, а трымалася зь ім насьцярожана. І не адно таму, што ён быў сынам сьвятара.
У школе ведалі, што яшчэ раней, у сямігодцы, Лапіцкага арыштоўвалі за сувязь з падпольнай арганізацыяй навучэнцаў Віленскай беларускай гімназіі й Віленскай сэмінарыі. Шаснаццацігадовы Расьціслаў быў асуджаны на тры га ды, выйшаў на волю ў 1945-м паводле амністыі, але антысавецкіх поглядаў не зьмяніў, прычым адстойваў іх нават на занятках.
Калі Лапіцкія пераехалі ў Смаргонь, дзе Расьціслаў пайшоў у дзясяты кляс, занепакоілася ўжо кіраўніцтва тамтэйшай школы.
Пагатоў, новы вучань на ўроку адмовіўся пісаць твор пра «моладагвардзейцаў», абвясьціўшы, што ў яго і сяброў ёсьць свая «Гвардыя», якая змагаецца за Беларусь.
У словах Расьціслава не было перабольшаньня: ён сапраўды стварыў арганізацыю зь пятнаццаці чалавек.
Юнакі не бяз посьпеху вялі агітацыю на школьных вечарынках і ў клюбе, дзе іхні кіраўнік граў на піяніна. А неўзабаве ў Смаргоні зьявіліся сотні антыкамуністычных улётак.
Расьціслаў мусіў перайсьці на нелегальнае становішча. Партызаны Арміі Краёвай абяцалі пераправіць яго за мяжу, ды перашкодзіла цяжкая хвароба.
Яго арыштавалі ў Кабыльніку на Нарачы. На допытах у Вялейскай турме Расьціслава так зьбівалі, што знаёмы арыштант не пазнаў яго, прыняўшы за старога дзеда.
Выступ на судзе Лапіцкі выкарыстаў не на апраўданьні, а дзеля абвінавачаньня камуністычнага рэжыму ў антынароднай палітыцы — непамерных падатках, калгасным прымусе, закрыцьці храмаў. Трыбунал Беларускай вайсковай акругі прысудзіў яго да расстрэлу. Расьціслаў адмовіўся прасіць памілаваньня.
Біёграфам Лапіцкага стаў гісторык Міхась Чарняўскі, што паходзіць з тых самых мясьцінаў. «Як пошуг маланкі» — назваў ён сваю кнігу, якая выйшла ў сэрыі «Нашы славутыя землякі». Аднайменны фільм зьняў на тэлеканале «Белсат» рэжысэр Валеры Мазынскі.
На месцы расстрэлу героя ў 2008-м усталявалі памятны знак і крыж, якія неўзабаве былі зьнішчаныя ідэйнымі спадкаемцамі сталінскіх катаў, але зноў і зноў аднаўляліся наступнікамі Лапіцкага.
Уладзімер Арлоў, «Імёны Свабоды», 4-е выданьне, с.238-239.
У гэты дзень год таму
- Некалькі тысяч студэнтаў з розных ВНУ Менску выйшлі на страйк 1 верасьня.
- ААН абвясьціла пра 450 выпадкаў катаваньняў пасьля акцый пратэсту ў Беларусі.
- Марыя Калесьнікава заявіла, што гатовая стаць лідэрам новай партыі.
- Лукашэнка падзякаваў журналістам з Расеі за дапамогу.
- Краіны Балтыі вырашылі спыніць куплю электраэнэргіі ў Беларусі.
Гэты дзень у гісторыі
1435 — у бітве пад Вількамірам літоўска-польскія войскі перамаглі армію Сьвідрыгайлы і нанятых ім крыжакоў.
1827 — у Расейскай імпэрыі забаронена прымаць сялянаў у вышэйшыя і сярэднія навучальныя ўстановы.
1870 — франка-пруская вайна: францускія войскі разьбітыя пад Сэданам, імпэратар Напалеон III узяты ў палон.
1906 — у Вільні выйшла пеpшая легальная белаpyская газэта «Hаша доля», у газэце ў гэты дзень вершам «Наш родны край» адбыўся літаратурны дэбют Якуба Коласа.
1939 — нападам нацысцкай Нямеччыны на Польшчу пачалася Другая сусьветная вайна.
1961 — у Бялградзе пачалася першая канфэрэнцыя Руху недалучэньня.
1969 — у Лібіі Муамар Кадафі зрынуў караля Ідрыза I.
1983 — савецкія вайскоўцы зьбілі паўднёвакарэйскі «Боінг», які перасек паветраную прастору СССР. Загінулі ўсе 269 пасажыраў.
1985 — знойдзены карабель «Тытанік», які патануў у 1912.
1990 — уступіў у сілу Закон аб мовах у Рэспубліцы Беларусь.
1995 — Берасьцейскі пэдагагічны інстытут ператвораны ва ўнівэрсытэт.
2004 — захоп закладнікаў у Бэслане (Расея).
2009 — спыніла трансьляцыі Беларуская служба «Радыё Швэцыя».
У гэты дзень нарадзіліся
1835 — Юзаф Каліноўскі, адзін з кіраўнікоў паўстаньня 1863-1864 на тэрыторыі Літвы і Беларусі.
1853 — Міхал Федароўскі, фальклярыст, этнограф, археоляг, калекцыянэр.
1900 — Сымон Баранавых, беларускі празаік.
1913 — Масей Сяднёў, беларускі празаік і паэт.
1934 — Уладзіслаў Даркевіч, беларускі археоляг, гісторык.
1942 — Іван Басюк, беларускі гісторык.
У памяці
2000 — Яўген Шмыгалёў, інжынэр, адзін з аўтараў артыкула «Курапаты — дарога сьмерці».