Больш як 114 000 чалавек былі вывезеныя самалётамі з аэрапорта Кабулу за апошнія два тыдні ў выніку эвакуацыйнай апэрацыі пад кіраўніцтвам ЗША.
Але спыненьне вайсковай прысутнасьці ЗША ў Афганістане ўздымае новы набор пытаньняў для Байдэна і яго адміністрацыі.
Што будзе з амэрыканцамі і афганцамі з групы рызыкі, якія засталіся ў Афганістане
Злучаныя Штаты эвакуавалі ад 14 жніўня больш як 5 500 грамадзян ЗША. Аднак невялікая колькасьць амэрыканскіх грамадзян вырашыла і далей заставацца ў Афганістане, многія зь іх хочуць застацца са сваімі сем’ямі.
Адміністрацыя Байдэна чакае, што Талібан дазволіць бясьпечнае перамяшчэньне амэрыканцам і іншым асобам, якія пакідаюць Афганістан пасьля завяршэньня вываду амерыканскіх войскаў. Але ёсьць асьцярогі з нагоды таго, як гэтыя грамадзяне змогуць зьехаць, калі ня будзе дзейнага аэрапорта.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: ЗША канчаткова вывелі войскі з АфганістануДзясяткі тысяч афганцаў з групы рызыкі, такія як перакладчыкі, што працавалі з амэрыканскімі вайскоўцамі, журналісты і абаронцы правоў жанчын, таксама засталіся нявывезенымі. Незразумела, які лёс іх чакае, але афіцыйныя асобы занепакоеныя тым, што «Талібан» можа пачаць помсьціць.
Паводле сумеснай заявы, апублікаванай у нядзелю Вялікай Брытаніяй, ЗША і іншымі краінамі, талібы паабяцалі дазволіць усім іншаземцам і афганскім грамадзянам, якія маюць дазвол на выезд, пакінуць Афганістан.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: АДКБ запэўнівае, што салдат у Афганістан не пашлеШто будзе з кабульскім аэрапортам пасьля адыходу сіл ЗША
На працягу апошніх двух тыдняў амаль 6000 амэрыканскіх вайскоўцаў ахоўвалі і забясьпечвалі працу кабульскага міжнароднага аэрапорта імя Хаміда Карзая.
Талібан вядзе перамовы з урадамі некаторых дзяржаваў, такіх як Катар і Турэччына, з просьбай дапамагчы ў забесьпячэньні палётаў цывільных самалётаў з Кабулу, што зьяўляецца адзіным спосабам для многіх пакінуць Афганістан.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Талібан» паведаміў, што забароніць эвакуацыю іншаземцаў з Афганістану пасьля 31 жніўняМіністар замежных спраў Турэччыны Мэўлют Чавушаглу заявіў, што ў аэрапорце неабходна правесьці рамонт, перш чым ён будзе адкрыты для цывільных рэйсаў.
Турэччына, якая ўваходзіць у склад місіі NATO, апошнія 6 гадоў адказвала за бясьпеку ў аэрапорце. Захаваньне функцыяў аэрапорта пасьля перадачы кантролю замежнымі войскамі жыцьцёва важнае ня толькі для Афганістану, каб заставацца на сувязі са сьветам, але і для забесьпячэньня паставак гуманітарнай дапамогі і для выкананьня палётаў.
Якая будучыня адносінаў ЗША і Талібану
Злучаныя Штаты заявілі, што не плянуюць пакідаць дыпляматаў у Афганістане і будуць вырашаць, што рабіць у будучыні, у залежнасьці ад дзеяньняў талібаў.
Але адміністрацыі Байдэна давядзецца вызначаць, як яна можа прадухіліць гуманітарны і эканамічны крызіс у краіне.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Талібы не абавязкова нясуць зло». Пасол Беларусі выказаўся пра новую ўладу ў АфганістанеПаводле дадзеных ААН, больш як 18 мільёнаў чалавек — а гэта звыш паловы насельніцтва Афганістану — маюць патрэбу ў дапамозе, а палова ўсіх афганскіх дзяцей ва ўзросьце да 5 гадоў ужо цярпяць ад вострага недаяданьня падчас другой засухі за чатыры гады.
Некаторыя краіны, уключаючы Вялікую Брытанію, заявілі, што ніводная дзяржава не павінна прызнаваць на двухбаковай аснове талібаў у якасьці ўраду Афганістану.
Якую пагрозу нясе «Ісламская дзяржава»
Адзіная галіна супрацоўніцтва паміж ЗША і «Талібанам» можа быць зьвязаная з пагрозай, якая зыходзіць ад баевікоў «Ісламскай дзяржавы». Аднак узьнікаюць пытаньні, як Вашынгтон і «Талібан» могуць каардынаваць свае дзеяньні і нават абменьвацца інфармацыяй для процідзеяньня гэтай групоўцы.
«Ісламская дзяржава Харасан», названая так у гонар гістарычнага рэгіёну, упершыню зьявілася на ўсходзе Афганістану ў канцы 2014 году і неўзабаве стала вядомая сваёй крайняй жорсткасьцю.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Што такое «Ісламская дзяржава Харасан», якая ўзяла адказнасьць за тэракты ў Кабуле. Тлумачым асноўнаеГрупа ўзяла на сябе адказнасьць за выбух тэрарыстам-самазабойцам каля аэрапорта 26 жніўня, у выніку якога загінулі 13 амэрыканскіх вайскоўцаў і мноства афганскіх мірных жыхароў.
Ад таго часу Злучаныя Штаты нанесьлі па гэтай групе як мінімум два ўдары з дапамогай бесьпілётнікаў, і прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн заявіў, што яго адміністрацыя працягне прымаць меры ў адказ.
«Ісламская дзяржава Харасан» — закляты вораг талібаў. Але прадстаўнікі амэрыканскай выведкі лічаць, што рух выкарыстаў нестабільнасьць, якая прывяла да краху афганскага ўраду, каб умацаваць свае пазыцыі і актывізаваць вэрбаваньне незадаволеных чальцоў «Талібану».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Як Афганістан стаў краінай вечнага канфлікту