«Я ўяўляю сябе жонкай, якая выходзіць на бераг выглядаць карабель»
Кіраўнік аддзелу рэклямы і маркетынгу «Нашай нівы» Андрэй Скурко знаходзіцца за кратамі амаль 2 месяцы.
«Нягледзячы на пэўныя нязручнасьці, гэта адно з самых захапляльных падарожжаў у маім жыцьці», — піша ён у лісьце. Андрэй прыдумаў сабе гульню, нібыта ён паплыў кудысьці ў амэрыканскія калёніі з Англіі XVII стагодзьдзя.
«А я цяпер уяўляю сябе жонкай, якая штодня выходзіць на бераг выглядаць гэты карабель. Дзякуй усім, хто нас падтрымлівае ў гэтым падарожжы», — піша Паўліна Скурко.
Яна напісала мужу, што восеньню выходзяць новыя сэзоны сэрыялаў «Yellow Stoun» і «Ozark», польскія «Балота» і «Крук», а таксама трылер «Каштанавы чалавечак» паводле дацкага бэстсэлера. Ён у адказ піша, што засумаваў па нармальных сэрыялах. У камэры ёсьць тэлевізар з чатырма каналамі, але добрае кіно там паказваюць рэдка.
«Да тэлевізара, дарэчы, выпрацаваўся імунітэт: сёньня сядзеў пад самым тэлевізарам і займаўся ангельскай — і заўважыў, што зусім яго ня чую. Як тубыльцы Ніагарскі вадаспад. Ішоў сэрыял „Лясьнік“ ці штосьці падобнае», — напісаў журналіст.
Апрача вывучэньня ангельскай мовы, Андрэй з сукамэрнікамі гуляюць у «Мафію», у словы, а на прагулках — у даганялкі. «Мне трохі страшна ўяўляць, што такое даганялкі для 15 мужыкоў у малым турэмным прагулачным дворыку», — зазначае Паўліна.
Да таго ж Андрэй многа чытае, замовіў збор твораў расейскага гісторыка позьняга імпэрскага пэрыяду Васілія Ключэўскага.
«Шчасьлівы, піша, засумаваў па навуковых кнігах, няхай і ХІХ стагодзьдзя. Расказвае мне адтуль цікавосткі пра Маскву і сярэднявечныя рэспублікі», — піша Паўліна.
Малому сыну Тамашыку на чарговую дату народзінаў (1 год і 7 месяцаў) Андрэй прыслаў новы верш на паштоўцы з бабром:
Мы спыталіся ў бабра:
— Дзе, бабёр, твая нара?
— У рацэ, за балацінай,
Мая хатка і плаціна.
І падземныя хады
Аж да самае вады.
— А нашто хады капаць?
— Каб у хованкі гуляць!
Паўліна Скурко кажа, што складана тлумачыць маленькаму сыну, дзе тата.
«„Тата ў замку, на Валадарцы. Думае пра нас, прыдумляе Тамашыку новы вершык. І неўзабаве да нас прыедзе! Чым мы тату будзем карміць?“ — „Кахка (кашкай)! Пуп (суп)! Сісісісь (сасіскамі)!“ — „А куды мы зь ім пойдзем гуляць, калі ён прыедзе?“ — „Туту! Туту! Булю“. — „Так, пойдзем разам да цягнікоў і купім на ўсіх булку!“», — пераказвае размову з сынам жонка палітвязьня.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Галоўны рэдактар «Нашай нівы» з-за кратаў: Я адчуваю сябе па-ранейшаму свабодным чалавекам«Усё максымальна ненармальна»
Паўліна адзначыла, што зь лістоў палітвязьняў, з допісаў сваякоў, у тым ліку зь ейных уласных, складваецца ўражаньне, што настрой іх выдатны, «што яны бадзёрыя і трымаюцца як скалы».
«І гэта праўда. Але важна не падманваць сябе. Не рацыяналізаваць зло. Не шукаць сэнсу ў гэтым мораку. Ня цешыцца: муж на Валадарцы, там хаця б ёсьць дактары», — лічыць жонка палітвязьня.
На ейную думку, цяпер жахлівая сытуацыя і такога зла і рэпрэсій не было ніколі за часы незалежнасьці, у тым ліку ў суседніх краінах.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Палітвязень Андрэй Скурко атрымлівае інсулін, піша вершы для сына«Нашы блізкія і далёкія пакутуюць ні за што. Практычна бяз руху: спорту нуль, бо папросту няма дзе. Дужыя, разумныя, прафэсійныя людзі вымушаны гуляць у словы і ў даганялкі, каб хоць неяк сябе заняць! Андрэй і я пішам, што ўсё нармальна. Але напраўду ўсё максымальна ненармальна», — кажа Паўліна Скурко.
Справа «Нашай Нівы»
- Чатырох «нашаніўцаў» затрымалі 8 ліпеня 2021 году: галоўнага рэдактара сайту «Наша Ніва» Ягора Марціновіча, галоўную бухгальтарку «Нашай Нівы» Вольгу Раковіч, рэдактара часопіса «Наша гісторыя», дзіцячых часопісаў «Асьцярожна, дзеці!» і «Дуду» Андрэя Дынько і кіраўніка аддзелу рэклямы і маркетынгу Андрэя Скурко.
- Марціновіча пры затрыманьні білі па галаве. Яму выклікалі «хуткую».
- «Нашаніўцаў» затрымлівалі спачатку ў межах крымінальнай справы аб «арганізацыі дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак (ч. 1 арт. 342 КК Беларусі).
- Паўторна іх затрымалі за тое, што камунальныя паслугі ў памяшканьні рэдакцыі яны плацілі паводле тарыфаў для фізычных асобаў, а трэба было як для юрыдычных. Пазыка склала 3500 рублёў. Марціновічу і Скурко выставілі абвінавачаньне ў нанясеньні маёмаснай шкоды без прыкметаў раскраданьня (ч. 2 арт. 216 КК). Ім пагражае «хімія» або калёнія тэрмінам да 5 гадоў.
- Раковіч і Дынько выпусьцілі цягам двух тыдняў пасьля затрыманьня. Пад вартай застаюцца Марціновіч і Скурко.
- Скурко хварэе на інсуліназалежны дыябэт. Да таго ж за кратамі ў яго дыягнаставалі пнэўманію.
- Доступ да сайту «Нашай Нівы» зьнік 8 ліпеня, 29 ліпеня сайт nashaniva.com аднавіў працу. Рэдакцыя цяпер працуе з-за мяжы.