Кібэрпартызаны сьцьвярджаюць, што ўзламалі базы зьвестак усіх апэратараў сувязі ў Беларусі і здабылі ўсе нумары тэлефонаў супрацоўнікаў МУС, КДБ і атачэньня Лукашэнкі.
Цяпер, сьцьвярджаюць кібэрпартызаны,яны маюць тэлефоны сілавікоў, апэратыўнікаў, МУС, КДБ, усіх спэцслужбаў і набліжаных да рэжыму. У якасьці доказу публікуюць нумары тэлефонаў Віктара Лукашэнкі, Віктара Шэймана, Івана Тэртэля, Мікалая Карпянкова, Юрыя Караева ды іншых высокапастаўленых чыноўнікаў.
«Вылічыць вас зусім проста, і ніхто ня сыдзе ад адказнасьці», — падсумоўваюць кібэрпартызаны.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Даводзілася фізычна пракрадацца на аб’екты рэжыму». Кібэрпартызаны расказалі пра сябе ў інтэрвію Свабодзе- Ананімная група «Кібэрпартызаны» зьявілася летась у жніўні. Адразу пасьля зьяўленьня «кібэрпартызаны» абвясьцілі, што падтрымліваюць пратэстоўцаў у краіне, і агучылі тры свае задачы: шукаць інфармацыю пра сілавікоў, чыноўнікаў і іх злачынствы, паказваць «гнілую» сутнасьць рэжыму, і, нарэшце, каб Лукашэнка пакінуў Беларусь. Яны ўзломваюць дзяржаўныя сэрвэры, атрымліваючы доступ да службовай і сакрэтнай інфармацыі.
- Сёлета ў канцы ліпеня «кібэрпартызаны» анансавалі шматузроўневую спэцапэрацыю «Жара». Яны ўзламалі шэраг базаў зьвестак МУС, атрымалі доступ да базаў «АІС Пашпарт», службы 102 (тэрміновыя званкі ў міліцыю), упраўленьня ўласнай бясьпекі МУС, ДАІ і сэрвэру зь відэазапісамі дронаў МУС.