Дырэктарку і галоўную рэдактарку БелаПАН Ірыну Леўшыну і былога дырэктара агенцтва Дзьмітрыя Наважылава перавялі з ІЧУ на Акрэсьціна ў СІЗА на Валадарскага ў Менску, паведамляе «Эўрарадыё».
Жонка Наважылава паведаміла, што 28 жніўня на «Валадарцы» ў яе прынялі перадачу для мужа. Дачка Леўшынай мяркуе, што яе маці таксама знаходзіцца на Валадарскага, бо скончыліся 10 дзён, пасьля чаго Наважылаву і Леўшынай павінны былі абраць меру стрыманьня або вызваліць.
Леўшына і Наважылаў апынуліся пад вартай 18 жніўня. Абвінавачаньне абаім павінны выставіць на працягу 20 сутак. Таксама 18 жніўня затрымалі бухгальтарку БелаПАН Кацярыну Боеву. Раніцай 28 жніўня яе выпусьцілі на волю пад абавязаньне пра яўку.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Вызвалілі бухгальтара БелаПАН Кацярыну БоевуНапярэдадні Сьледчы камітэт паведаміў, што распачаў крымінальную справу паводле часткі 2 артыкула 243 Крымінальнага кодэксу ў адносінах да Андрэя Аляксандрава, Дзьмітрыя Наважылава, Ірыны Леўшынай, «а таксама іншых асобаў». Паводле гэтага артыкула пагражае да 5 гадоў абмежаваньня свабоды або ад 3 да 7 гадоў зьняволеньня.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Не бывае ніякіх „лепшых часоў“». Што піша зь СІЗА мэдыямэнэджар Андрэй Аляксандраў, якога вінавацяць у здрадзе дзяржавеГаворка пра нібыта ўхіленьне ад выплаты падаткаў, якое прычыніла шкоду ў буйным памеры. Паводле СК, ад чэрвеня 2018 па студзень 2021 году ў падатковую справаздачнасьць БелаПАН уносілі непраўдзівыя зьвесткі, што выклікала нявыплату ў бюджэт больш як 100 тысяч рублёў.
Сілавікі канфіскавалі сэрвэр БелаПАН. Дзейнасьць кампаніі ў Менску паралізаваная. Працу працягвае частка рэдакцыі, якая знаходзіцца за мяжой.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Экспэрт: «Голас БелаПАН заглушыць не атрымаецца»